Дзень памяці і павагі

Главное

IMG_8171 (Small)Сёлета прайшло 25 гадоў, як скончылася афганская вайна, гераічная і трагічная. Нікім і нікому не аб’яўленая, яна працягвалася ў два разы даўжэй, чым Айчынная.
Кожны год 15 лютага «афганцы» нашага раёна знаходзяць у сабе сілы сабрацца разам, каб успомніць былыя ваенныя падзеі, сваіх баявых таварышаў, падтрымаць адзін аднаго.
Як і належыць юбілейнай даце, у гэты дзень у раёне прайшло шмат значных і ўрачыстых падзей.
Напярэдадні члены РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» наведалі могілкі сваіх баявых таварышаў, якія памерлі ад наступстваў той вайны. Чырвонымі зоркамі і распазнавальнымі знакамі воінаў-афганцаў пазначылі сёлета актывісты аб’яднання месцы, дзе знайшлі свой апошні спачын былыя «афганцы». Восем могілак — восем мінут маўчання, шаснаццаць гваздзікоў (на здымку).
Дзень памяці па традыцыі пачаўся ля магілы Валерыя Александровіча. Тут сабраліся кіраўніцтва раёна, ветэраны ваенных дзеянняў у Афганістане, прадстаўнікі вайсковых часцей, школьнікі, каб мінутай маўчання і добрымі словамі ўспомніць юнака.
Далей удзельнікі сумнага мітынгу накіраваліся ў Ахрэмаўскую сярэднюю школу. Ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і старшыня РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Леанід Мікшта адкрылі мемарыяльную дошку, прысвечаную былому вучню гэтай установы В. Александровічу (на здымку).
І зноў гучалі цёплыя словы пра мужнага героя-земляка, жыццё якога вельмі рана абарвалася ў чужой далёкай краіне.
Асабліва шматлюдна было ў гэты дзень у гарадскім скверы каля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам. Акрамя ўдзельнікаў урачыстасці, сюды прыйшлі школьнікі, моладзь і людзі старэйшага пакалення, каб ушанаваць памяць тых, хто не вярнуўся з поля бою.
Адкрываючы мітынг-рэквіем, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў адзначыў, што гэты дзень з’яўляецца днём памяці падзей, напоўненых жахам вайны, стратамі сяброў і таварышаў, чаканнем сустрэчы з роднымі і блізкімі. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што воіны-інтэрнацыяналісты разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны займаюць сёння актыўную жыццёвую пазіцыю, удзельнічаюць у патрыятычным выхаванні моладзі. Старшыня райвыканкама павіншаваў «афганцаў» з юбілейнай датай і пажадаў ім здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту.
Да прысутных звярнуўся і старшыня РГА «»Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Леанід Мікшта. Ён нагадаў, колькі беларусаў і нашых землякоў з гонарам і годнасцю выканалі свой інтэрнацыянальны доўг на афганскай зямлі, назваў імёны тых, хто не дажыў да гэтай юбілейнай даты, выказаў словы падзякі і віншавання ў адрас сваіх таварышаў.
Мінутай маўчання вянкамі і кветкамі ўшанавалі прысутныя памяць загінуўшых.
Затым мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадоўжылася ў РДК, дзе адбылася ўрачыстасць пад назвай «Паклон героям пакаленняў».
Са шчырымі словамі ўдзячнасці і віншавання звярнулася да «афганцаў» старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская.
За працоўныя заслугі і ў сувязі са святкаваннем 25-годдзя вываду Савецкіх войскаў
ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта былі адзначаны Яўген Падагель, вадзіцель філіяла РВУ «Браслаўрайгаз» , Станіслаў Ставіцкі, вадзіцель аўтамабіля ДЭУ-134, Леанід Марозаў, вадзіцель філіяла «Браславрыба», а раённага Савета дэпутатаў — Анатоль Міласердаў, старшыня РА ТВВАД, Уладзімір Лясовіч, вадзіцель турыстычна-аздараўленчага прыватнага дачэрняга ўнітарнага прадпрыемства «Браслаўскія азёры».
Да слёз кранулі песні ў выкананні былых «афганцаў» Я. Падагеля і С. Ставіцкага.
Ад райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, ад арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна кожнаму ветэрану афганскай вайны ўручылі памятныя падарункі і кветкі.
Прыемным настроем і морам пазітыўнасці зарадзілі прысутных сваімі выступленнямі артысты Дома культуры.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.