Майстар на ўсе рукі

Люди

IMG_8076 (Medium)Калі працаваць, то толькі выдатна! З такім крэда крочыць па жыцці муляр 3-га разраду ДКУБП “Браслаўская ПМК-42” Валерый Шалыга. І сапраўды, вынікам такога стаўлення да сваёй справы з’яўляецца выдатныя валавыя паказчыкі і бездакорная якасць.
У будаўніцтва мужчына трапіў адразу пасля атрымання прафесіі ў Віцебскім ПТВ-96 і службы ў арміі. Спачатку ўладкаваўся ў нацыянальны парк, потым перайшоў у ПМК, дзе і працуе ўжо больш за 6 гадоў. Падчас сваёй прафесіянальнай дзейнасці Валерый упарта адточваў мулярнае майстэрства, браўся за самыя адказныя ўчасткі. Вынікі жа заўсёды былі бліскучымі.
Не цураўся ён і іншай работы: трэба было дапамагчы калегам па сталярцы – дапамагаў. Бетонныя работы? Сантэхніка? Лёгка. Нездарма мужчына характарызуецца ў калектыве як чулы і добразычлівы чалавек, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Такія ўласцівасці далі В. Шалыгу не толькі павагу калег, але і бясцэнны вопыт. Да таго ж мужчына з задавальненнем бярэ апеку над студэнтамі-мулярамі, якія праходзяць практыку на прадпрыемстве, што павышае і аўтарытэт, і ўласны прафесіянальны ўзровень. Гады такога самаўдасканальвання не прайшлі дарма: цяпер мужчыну можна смела называць майстрам на ўсе рукі, якому па сіле нават самая цяжкая і адказная работа.
З года ў год Валерый сціпла выконваў свае абавязкі і неяк непрыкметна падабраўся да звання “лепшы”. За 2013 год павялічэнне нормы яго асабістай выпрацоўкі дасягнула 140% — выдатны паказчык. Дарэчы, па выніках прафесіянальнай дзейнасці ён неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі роднага прадпрыемства і КУППБП “Полацксельбуд”. Цяпер жа мужчыне прысвоена ганаровае званне “Лепшы па прафесіі” з фармуліроўкай “за добрасумленную працу, вялізны ўклад у дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў”.
Пры асабістай жа сустрэчы, якая адбылася на адным з будаўнічых аб’ектаў, Валерый паўстаў менавіта такім, якім яго апісвала кіраўніцтва ПМК: спакойным, адказным і добразычлівым. Асабіста ж мне ён нагадаў звычайнага беларуса – крыху сціплага, надзвычайна працавітага і з вачамі, поўнымі дабрыні.

Вячаслаў Каладынскі.