Плённае сумяшчальніцтва

Главное

IMG_9195 (Medium)Мінулы год для жывёлаводаў вобласці па рэпрадукцыйнасці пагалоўя склаўся, як ніколі раней, вельмі няўдала. Па інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі, за 11 месяцаў 2013 г. выхад цялят у параўнанні з папярэднім годам скараціўся на 11,2 тысячы галоў. За цэлы ж год на 100 кароў і цялушак у вобласці атрымалі па 87 цялят. Наш раён ад сярэднестатыстычнага абласнога паказчыка адстае на 2 галавы (85). За той жа час у КУСП «Браслаўскі» выхад цялят на ўзгаданае матачнае пагалоўе склаў 94 галавы, што на 11 больш, чым было ў 2012 годзе. А тэхнік-асемянатар гэтай гаспадаркі Наталля Корсак дабілася яшчэ лепшага выніку. Яе кожныя 100 кароў і цялушак за год прынеслі 98 галоў прыплоду.
Трэба адзначыць, што Наталля сумяшчае адразу дзве пасады — загадчыцы МТФ «Густаты» і тэхніка-асемянатара. І як сама прызналася пры размове, гэта ёй толькі дапамагае ў рабоце. Паўсядзённы кантакт з даяркамі, пастухамі, кармачамі дазваляюць дасканала ведаць фізіялагічныя магчымасці кароў і цялушак, наладжваць селекцыйны адбор маладняку для далейшага ўзнаўлення дойнага статку. А менавіта такія падыходы і прыносяць пэўны плён. Сёння КУСП «Браслаўскі» адна з гаспадарак у раёне, дзе валавы надой перавышае паказчык папярэдняга года.
Неардынарны і той факт, што Наталля прафесіі тэхніка-асемянатара нідзе не вучылася. Раней працавала даяркай на ферме ў Мільках, куды кожны дзень хадзіла з Барадзяніч. Калі ж у Густатах узвялі новыя дамы, а былая загадчыца фермы рашыла паехаць на новае месцажыхарства, галоўны заатэхнік гаспадаркі Людміла Якімчык прапанавала жанчыне атрымаць новае жыллё з умовай, што яна ўзначаліць МТФ і навучыцца тэхналогіі асемянення кароў. Так сям’я Корсакаў і пераехала ў Густаты, а Наталля Мікалаеўна асмелелася ўзяць на сябе, як сама цяпер прызнаецца, даволі шырокае і раней не апрабаванае кола абавязкаў.
— Ні на якія курсы мяне ніхто не накіраваў, — расказвала Наталля. — Былая тэхнік-асемянатар выклала на стол увесь інструментарый і патлумачыла што для чаго служыць. Потым азнаёміла з метадам размарожвання семя і ацэнкай яго жяццяздольнасці. Далей пры яе кансультацыях асемяніла дзвюх кароў. На гэтым мая вучоба закончылася.
Свае ж высокія паказчыкі па выхадзе цялят Н. Корсак тлумачыла проста: «Сваю работу трэба выконваць чэсна. Працэс асемянення не церпіць «халтуры». У ім самае важнае — гэта захаванне тэхналогіі. Трэба заўжды памятаць, што першае асемяненне пасля прыходу жывёлы ў ахвоту будзе найбольш эфектыўным. На гэта заўжды і разлічваю».
А яшчэ, па словах галоўнага заатэхніка, дабівацца амаль 100-працэнтнага пакрыцця матачнага пагалоўя дапамагае яе імкненне да ветэрынарных ведаў. Гінекалагічна-хворых кароў яна, як кажуць, вызначае на вока. Адразу ж пра такую жывёлу паведамляе ветурачу і ўвесь працэс лячэння бярэ пад асабісты кантроль. У тым дапамагае і пасада загадчыцы фермы.

Александр Азевіч. Фота аўтара.