Заходзьце! Тут вам рады

Главное

_MG_7713 (Small)Можна смела сказаць, што адкрыццё ў Браславе кафэ “Канюшына” напярэдадні Новага года стала значнай падзеяй здавалася б, проста немагчыма ператварыць за 22 дні былую сталовую ў сучаснае кафэ. Але нездарма кажуць, што вочы баяцца, а рукі робяць. І вельмі прыемна, калі планы становяцца рэальнасцю. Пра праблемы, з якімі сутыкнуліся ў першыя тыдні працы гэтай установы, і яе перспектывы, карэспандэнт газеты Зінаіда Палулех гутарыць з начальнікам аддзела райпа па грамадскім харчаванні Яўгенам Перманіцкім.
— Яўген, адразу пасля адкрыцця кафэ мы змясцілі на сайце газеты апытанне наконт “Канюшыны”. Пытанні былі розныя. І не скажу, што браслаўчане актыўна кінуліся адказваць на іх. Аднак большасць рэспандэнтаў адзначылі, што ў кафэ ўсё нядрэнна, але не хапае нармальнай вентыляцыйнай сістэмы. Што скажаце на гэты конт?
—Прыносім свае прабачэнні кліентам за такія часовыя нязручнасці. Ужо ў пачатку гэтага тыдня ў нас працавалі спецыялісты з Мінска па вентыляцыі. Думаю, на працягу аднаго–двух тыдняў установім сучасную выцяжную сістэму, і такіх нязручнасцей нашы наведвальнікі адчуваць не будуць.
— Згадзіцеся, пры адкрыцці кафэ не былі дасканала прадуманы парадак апавяшчэння пра выкананне заказу па піцу.
— Згодны. На гэтым тыдні мы закупілі спецыяльныя жэтоны. Як толькі піца кліента будзе гатова, пра гэта ён адразу пачуе.
— Няпоўны месяц работы ў новым фармаце. Якія вынікі?
— Скажу шчыра, пакуль яны радуюць. Толькі ў апошнюю нядзелю да нас прыйшлі каля 150 чалавек. З дня адкрыцця “Канюшыны” мы гатуем у дзень па 100-150 піц і маем абарот у дзень каля 5 млн. рублёў.
— Пагаджуся з тымі нараканнямі, якія выказваюць кліенты на пачатковым этапе існавання, установы хуткага прыгатавання ежы, першай ластаўкаі ў Браславе Якія маеце планы па яго развіцці?
— Мы не збіраемся спыняцца на тым, што маем. Напрыклад, на гэтым тыдні запусцілі такую серыю паслугі, як сабяры, кліент, сам сабе піцу з тваімі любімымі інгрэдыентамі.
— Вядома ж, многія наведвальнікі ўжо скарысталіся такой магчымасцю. І хочаце сказаць, што аматары крабаў, крыветак, кальмараў не будуць пакрыўджаны?
— Упэўнены, што не.
— Адмоўныя водгукі з’явіліся ў інтэрнэце і пра распарадак працы кафэ. Няўжо сёння такой установе нельга працаваць без перапынку на абед?
— Разумеем такія нараканні. Але пакуль не хапае людзей, каб працаваць без перапынку. Думаю, што гэту праблему таксама зможам вырашыць у бліжэйшы час.
А ў летні перыяд мы будзем працаваць з 9 да 24 гадзін і без перапынкаў.
— А марожанае. Яно з’явілася, потым прапала, яго не хапае кліентам. Ці нельга пра гэта паклапаціцца загадзя?
— Не буду аспрэчваць, такія перабоі здараліся. І ўсё ж мы стараемся. Вельмі спадзяюся, што нашым наведвальнікам прыйдуцца даспадобы і мяккае марожанае з рознымі напаўняльнікамі, і малочныя кактэйлі. А яшчэ ў хуткім часе мы разлічваем гатаваць такія цудоўныя дэсерты, як мусы, пудзінгі, жэле. Цяпер вядзём перамовы па закупцы спецыяльнай вітрыны для іх, і гэта справа часу.
— Не магу яшчэ не спытаць, чаму назва ў кафэ “Канюшына”?
— Памятаеце, у дзяцінстве мы шукалі шчаслівых пяць пялёсткаў у бэзе, калі знаходзілі, з’ядалі іх. І лічылі, што будзем шчаслівымі. З канюшынай звязана таксама паданне пра шчаслівае жыццё, бо гэты трохліснік рэдка калі выпускае чацвёрты пялёстак. Мы разлічваем, што наведвальнікі будуць пакідаць нашу ўстанову заўсёды задаволенымі і шчаслівымі.
— Дзякую за гутарку.

 

Фота Гальляша Сялявы, braslaw.by