Дзяцінства разрушыла вайна

Люди

1Светлая пара дзяцінства. З якім задавальненнем і пяшчотным пачуццём смутку ўспамінаем яе пры сустрэчы з сябрамі, аднакласнікамі і роднымі. Але побач з намі жывуць людзі, у якіх пры слове «дзяцінства» з вачэй коціцца пякучая сляза. Сярод іх і Паліна Ясонаўна Кобзун (у дзявоцтве Казлоўская).
Дзяўчынцы было чатырнаццаць, калі першыя выбухі нямецкіх бомбаў спынілі яе шчаслівую пару. Бацька Паліны Ясонаўны, работнік райвыканкама, вырашыў эвакуіраваць сям’ю. Зборы былі нядоўгімі. Маці ўзяла толькі дакументы, грошы і з трыма дзецьмі выправілася ў невядомую і непрадказальную дарогу. А бацька застаўся ў ваенкамаце на прызыўным пункце. І толькі пасля вайны сям’я даведалася, што ён загінуў на фронце.
На машыне Паліну з маці і двума братамі прывезлі ў Полацк. На чыгуначным вакзале мітусня, енк малых, спалоханыя вочы дарослых яшчэ больш прыбавілі жаху і роспачы. У вагоне цягніка ўсе туліліся адзін да аднаго, бо куды вязуць і колькі будуць ехаць, ніхто не ведаў.
— Прывезлі нас аж у Саратаўскую вобласць, — успамінае Паліна Ясонаўна. — Пасяліліся мы ў доме, дзе жылі яшчэ тры сям’і.
Так невялікі пакой на тры гады стаў прытулкам для беларускіх бежанцаў. Без кавалка хлеба, адзення і абутку пачалося цяжкае жыццё ў эвакуацыі.
Эвакуацыя… Бежанцы… Словы, ад якіх заўсёды вее холадам і голадам. Так, гэтыя людзі не ішлі ў атаку, не глядзелі ў дула варожай зброі. Але сваёй самаадданай працай і вынослівасцю таксама набліжалі Дзень Перамогі.
Маці ўладкавалася ў сталовую ваенкамата памочнікам повара і калі-нікалі ў анучцы магла прынесці некалькі лыжак кашы. Безумоўна, гэта была значная падтрымка для сям’і. А дзеці працавалі ў калгасе. Старэйшы брат Паліны Ясонаўны да 17 гадоў — на трактары, потым яго адправілі на фронт. Родныя атрымалі ўсяго адзін ліст, у якім малады салдат з радасцю апісвае вызваленне Рыгі. А потым … прыйшла «пахавальная».
Паліна спачатку працавала на птушкаферме, затым на паляводстве. І для васьмігадовага брата таксама знайшлася работа. Усе ішлі на любую працу, галоўнае, як мага болей прынесці карысці для фронту.
— Пачуццё голаду і стомленасці адчувалі кожную хвіліну, — працягвае ўспамін П. Кобзун. — А яшчэ вельмі даймаў холад. Абую стаптаныя туфлі, а зверху ногі абкручу старой коўдрай, так іду на працу.
Познім вечарам сям’я збіралася ў сваім пакоі на кароткі адпачынак. Печ цеплілі невялікімі пучкамі саломы, безумоўна, адчувальнага цяпла гэта не давала. А каб сагрэцца, спалі ўсе разам на нарах, прыціснуўшыся адзін да аднаго. Адзенне мылі рэдка, бо іншай на замену не было, а калі яна не паспявала высахнуць, апраналі вільготнай.
Тым не менш, не зважаючы на нечалавечыя ўмовы жыцця і цяжкі ваенны час, паміж людзьмі панавалі ўзаемавыручка і братэрства. Усіх аб’ядноўвала адзіная думка пра перамогу і жах за сваіх родных.
Калі пачалося вызваленне Беларусі ад фашысцкай навалы, сям’я Казлоўскіх зноў рушыла ў цяжкую дарогу. Толькі адно сагравала душу падчас гэтай небяспечнай вандроўкі — шлях дадому.
Першым прыпынкам для бежанцаў на нейкі час стала вёска ў Арлоўскай вобласці, потым спыніліся ў г. Нароўлі. Усюды, па словах П. Кобзун, да эвакуіраваных ставіліся з паразуменнем, дапамагалі адзеннем і ежай.
І ўсё ж такі наступіў момант, калі пакутлівы шлях у некалькі тысяч кіламетраў застаўся ззаду.
У Браславе іх чакала разграбленая кватэра, але гэта быў свой вугал. Паціху пачало наладжвацца мірнае жыццё. Паліна ўладкавалася машыністкай у зямельны аддзел райвыканкама. На работу дзяўчына хадзіла па чыгуначнай дарозе, каб яе ніхто не бачыў, бо, акрамя салдацкіх ботаў, іншага абутку ў яе не было.
У жніўні 1946 года Паліну запрасілі ў райкам партыі, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941— 1945 гадоў».
Разумела дзяўчына ролю ведаў у сваім жыцці, таму спачатку тры гады вучылася ў школе рабочай моладзі, а потым завочна скончыла Віцебскі педагагічны інстытут. Пасля чаго яе перавялі на пасаду сакратара райвыканкама. Сустрэла хлопца, за якога выйшла замуж, выгадавалі двух сыноў.
Сёння Паліна Ясонаўна жыве адна, бо мужа даўно пахавала, сыны са сваімі сем’ямі далёка. І жанчына з нецярпеннем чакае ў госці ўжо не толькі ўнукаў, а і шэсць праўнукаў, якія не забываюць пра сваю добрую і ласкавую бабулю.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.