Гордасць настаўніка — вучні

Главное

Сёлета ў раённым спаборніцтве па выніках работы за 2012 год сярод лепшых па прафесіі ў намінацыі “Лепшы педагагічны работнік” названа Лілія Самушчава, настаўніца гімназіі.
Яе жыццёвае крэда ў тым, што лодарнічанне за партай – гэта страшная небяспека. Шэсць гадзін гультайства штодзённа, якое выліваецца ў месяцы і гады. Гэта разбэшчвае, маральна калечыць чалавека, і ніхто ўжо не ў стане потым вярнуць тое, што ўпушчана ў самай галоўнай сферы, дзе чалавек павінен быць працаўніком, — у сферы мыслення. Менавіта таму Л. Самушчава вельмі ўдумліва падыходзіць да праектавання кожнага ўрока. Яна граматна ўмее падабраць метады, прыёмы, сродкі навучання з улікам тэмы ўрока, магчымасцей вучняў, вучэбна-матэрыяльнай базы, што робіць заняткі па фізіцы змястоўнымі і пазнавальнымі. Настаўніца са стажам работы ў педагогіцы больш за 26 гадоў дасканала валодае методыкай сучаснага ўрока, добра разбіраецца ў асаблівасцях псіхалагічнага развіцця навучэнцаў і іх здольнасцях.
У выбары прафесіі Лілія Самушчава ніколькі не сумнявалася. Сама родам з Браслава, яна ў свой час паспяхова закончыла Даўгаўпілскі педагагічны інстытут. Гэта вышэйшая навучальная ўстанова карысталася папулярнасцю сярод браслаўчан, і многія атрымалі прафесію менавіта там. А так як любімым прадметам у Лілі ў школе была матэматыка, то і вучыцца пайшла на фізіка-матэматычны факультэт. Праўда, жыццёвыя абставіны склаліся такім чынам, што прафесійную дзейнасць давялося пачынаць не ў Беларусі, а далёка за яе межамі. Муж быў ваенным. І Л. Самушчава выкладала свой прадмет у Казахстане, Венгрыі. Затым была праца ў Літоўшчынскай школе, і вось ужо 10 гадоў яна настаўнічае ў гімназіі.
Гордасцю настаўніцы з’яўляюцца вучні. Толькі за апошнія пяць гадоў яна падрыхтавала 15 прызёраў алімпіяд раённага ўзроўню, 8 – абласнога, дыпламантаў 2-ой і 3-яй ступеняў на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Настаўніца шмат увагі ўдзяляе развіццю даследчых навыкаў вучняў. Яны неаднойчы станавіліся пераможцамі гімназічнай, а затым раённай навукова-практычнай канферэнцыі. Вучні Л. Самушчавай паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне, паступаюць у такія прэстыжныя ВНУ як БДУІР, БДУ, ПДУ і інш. Адзін з яе выхаванцаў, Артур Шакель, у якога Лілія Антонаўна была настаўніцай і класным кіраўніком, цяпер сам ужо выкладае фізіку ў гімназіі.
Настаўніца сістэматычна працуе над павышэннем свайго прафесіянальнага майстэрства і дзеліцца вопытам работы з маладымі калегамі. Яна – актыўны ўдзельнік конкурсу метадычнага майстэрства настаўнікаў фізікі, удзельнічае пастаянна ў грамадскім жыцці гімназіі. З’яўляецца членам баскетбольнай каманды, а таксама ўваходзіць у склад каманды па інтэлектуальных гульнях.
Напрыканцы нашай размовы Лілія Самушчава прызналася ў тым, што найбольшае задавальненне ад сваёй працы атрымлівае тады, калі адчувае, што яе вучні ў нечым нават пераўзыйшлі яе. І таму марыць пастаянна праводзіць такія ўрокі, дзе дзеці самі захочуць вырашыць праблему, таму што гэта складана і цікава. А з вучняў яна імкнецца зрабіць творцаў не па падабенстве сабе, а такіх, хто ўбачыць больш, чым яна, зразумее глыбей і пойдзе далей, чым настаўніца.

Зінаіда Палулех.
На здымку: настаўніца гімназіі Лілія Самушчава са сваімі вучнямі.
Фота аўтара.