Хроніка здарэнняў

Человек и закон

• З заявай у Браслаўскі РАУС звярнуўся жыхар г. Віцебска. Мужчына паведаміў, што невядомы ўлез у гаспадарчую пабудову побач з яго домам у в. Луні і вынес адтуль бензапілу коштам больш за мільён рублёў.
• Ахвярай зламыснікаў стаў і пенсіянер з в. Рымуці. Ён прасіў вартавых парадку дапамагчы ў пошуку асоб, якія яго абакралі. Мужчына паведаміў, што днём заходзілі тры жанчыны цыганскай нацыянальнасці і прапанавалі набыць тавар. Праз 10 хвілін яны сышлі, а ўжо вечарам гаспадар заўважыў, што з буфета зніклі грошы. Разам з цыганкамі прапалі і 3 млн. рублёў.
• Ніяк не могуць запомніць некаторыя грамадзяне, што нельга садзіцца п’яным за руль. Вось і папярэдняе пакаранне не паўплывала на трактарыста аднаго з ААТ раёна. У жніўні ён ужо трапляў у поле зроку ДАІ нецвярозым за рулём аўтамабіля. І вось нядаўна зноў быў затрыманы за гэта парушэнне.
• Такая ж самая гісторыя адбылася і з браслаўчанінам. Другі раз за год яго затрымліваюць п’яным за рулём. Апошні раз ён нецвярозы ноччу рассякаў на сваім “Мерсэдэсе” па в. Рубеж.
• Мабыць, нешта не падзяліў мужчына са сваёй сужыцелькай падчас сваркі. А каб паказаць сваю перавагу, тут жа ўзяўся за драўляную палку і збіў жанчыну, нанёс ёй цяжкія цялесныя пашкоджанні.
• Даказаць сваю праўду праз сілу спрабаваў і жыхар в. Быстрамаўцы. Ён схапіў палена і ўдарыў ім па галаве аднавяскоўца, прычыніў апошняму цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Па ўсіх пералічаных фактах распачаты крымінальныя справы.
Па зводках РАУС