На пагранічным пасту. Чарговыя знаходкі пагранічнікаў

Главное

З пачатку года полацкімі пагранічнікамі спынена 91 спроба незаконнага перамяшчэння праз дзяржаўную мяжу каля 1 млн. 180 тысяч пачак цыгарэт на суму больш 4,5 млрд. рублёў. Калі тыдзень таму назад вайскоўцам у зялёных фуражках даводзілася ўсе свае сілы накіроўваць на пошук і затрыманне нелегалаў на мяжы, то мінулы тыдзень стаў сапраўды “гарачым” на кантрабандныя цыгарэты.
Першай ластаўкай была партыя, якую ў пункце пропуску “Урбаны” пагранічнікі спынілі 18 лістапада. 1689 пачак цыгарэт на суму 5 235 900 рублёў былі схаваны ў машыне беларуса пад абшыўкай салона, у багажніку і бамперы.
Ноччу 20 лістапада пагранічны нарад на беларуска-латвійскай мяжы з дапамогай прыбора начнога бачання заўважыў плот, які рухаўся па Заходняй Дзвіне. Тут жа інфармацыю перадалі калегам у Латвію. Праз пэўны час суседзі ўжо вывучалі самаробны плаўсродак і тое, што на ім было.
Кантрабандысты такім чынам спрабавалі пераправіць 52 корабы цыгарэт (26 тысяч пачак) з беларускімі акцызамі. Усё было выдатна прадумана: на плату быў прыбудаваны электраматор, а побач з тытунём 5 акумулятарных батарэек і навігатар. Атрымаўся своеасаблівы электрапаром.
Зараз праводзяцца сумесныя з латвійскімі пагранічнікамі мерапрыемствы па пошуку ўдзельнікаў пераправы.
Праз некалькі дзён, 23 лістапада, на чыгуначнай станцыі Бігосава ў 3 паўвагонах цягніка “Полацк – Даўгаўпілс”пад слоем вугалю былі знойдзены тытунёвыя вырабы. Кантрабандысты спрабавалі пераправіць у Латвію 78 корабаў (39000 пачак) цыгарэт. Папярэдні іх кошт больш за 230 млн. рублёў.
У гэты ж дзень полацкія пагранічнікі на беларуска-латвійскай мяжы знайшлі 12 корабаў цыгарэт, прыгатаваных для незаконнай пераправы ў суседнюю краіну. Хутка затрымалі і замешанага ў гэтай справе беларуса, жыхара прыгранічча. Сума ацэнкі незаконнага грузу ўстанаўліваецца.
А ўжо 25 лістапада ў пункце пропуску “Плюсы” пагранічнікі даглядалі легкавы аўтамабіль, які рухаўся ў Латвію. Транспартны сродак, які выклікаў падазрэнне, пераправерылі і знайшлі ў яго салоне пад абшыўкай, у дзвярах і бензабаку каля 1000 пачак цыгарэт з беларускімі акцызамі. Кіраваў машынай жыхар Латвіі. Зараз аўто на спецыяльным доглядзе ў мытні. Вадзіцелю пагражае штраф, а магчыма і канфіскацыя аўтамабіля.

Дзяніс Глебка,
памочнік начальніка Полацкага пагранатрада па рабоце са СМІ.