Музычная восень

Главное

Пастаноўка уласных канцэртаў і прагляд выступленняў прафесіянальных майстроў  сталі неад’емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу ў дзіцячай школе мастацтваў. Вось і сёлетняя восень напоўнена тут самымі рознымі мерапрыемствамі. Юныя музыкі, танцоры і харысты  ўжо не раз прадэманстравалі свае таленты на сцэне ДШМ і ў працоўных калектывах райцэнтра.  У пачатку навучальнага года педагогі і  вучні старэйшых класаў ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі ў  свой калектыў тых, хто, як некалі і яны, вырашыў далучыцца да мастацтва, навучыцца іграць на фартэпіяна, цымбалах, баяне ці акардэёне…

Гэта цырымонія доўжылася два дні і два дні старэйшыя выхаванцы школы дэманстравалі першакласнікам чаго змаглі дабіцца за некалькі гадоў навучання ў школе.

Потым былі выступленні педагогаў і юных артыстаў у райбальніцы, з калектывам якой школу мастайцтваў звязвае даўняя дружба.  Таленавітых дарослых і дзяцей медыкі запрашаюць  на свае ўрачыстасці ўжо не адзін год запар.  Сёлета гэта зрабілі і  работнікі аўтапарка № 18. У дзень прафесіянальнага свята калектыў ДШМ парадаваў і іх выступленнем сваіх лепшых выхаванцаў, сярод якіх былі і дзеці транспартнікаў Сцяпан і Міхаіл Александровічы, Аляксей і Руслан Сергуны, Каця Дзямідка.

А днямі юныя артысты выступілі на хлебазаводзе, калектыў якога таксама адзначаў прафесіянальнае свята.

Выканаўчаму майстэрству  выхаванцы школы мастацтваў вучацца і ў прафесіяналаў. Каб яны з ранніх гадоў мелі арыенцір вышынь прафесіяналізму, педагогі даволі часта арганізуюць ім сустрэчы з вядомымі выканаўцамі. Толькі ў апошнія месяцы дзеці з’ездзілі ў Наваполацк, дзе паслухалі скрыпічны канцэрт студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў, пазнаёміліся з творамі  кампазітараў, пачынаючы з ХУ111 стагоддзя і заканчваючы  сучаснымі.

Піяністам была дадзена магчымасць пазнаёміцца з творчасцю і выканаўчым майстэрствам прафесара Беларускай акадэміі мастацтваў Ігара Алоўнікава, а цымбалісты сталі слухачамі канцэрта  музыкантаў  Мінскай дзяржаўнай філармоніі.

Апошняя сустрэча з высокім мастацтвам адбылася літаральна днямі. Група навучэнцаў ДШМ наведала тэатр оперы і балета, дзе паглядзілі пастаноўку балета Рымскага-Корсакава  “Шахіразада” і оперу “Кашчэй Бессмяротны”.

 

Тамара Пашкевіч.