Cустрэча пакаленняў

Главное Новости

Мерапрыемства пад такой назвай прайшло ў мінулы чацвер на базе першай школы. Яно было прымеркавана да 95-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. На сустрэчу арганізатары запрасілі прадстаўнікоў улады, грамадскіх арганізацый, ветэранаў і ганаровых грамадзян горада Браслава. Але самымі шматлікімі ўдзельнікамі сустрэчы былі вучні школы, ад зусім маленькіх да выпускнікоў.
Напачатку прысутныя праглядзелі невялікую прэзентацыю на тэму Радзімы, вядучыя прадставілі ганаровых гасцей.
Усё, што адбывалася падчас мерапрыемства на сцэне, несла адну простую, але вельмі важную думку: каб дасягнуць поспехаў у сучаснасці і ў будучым, ні ў якім разе нельга забываць мінулае. А яго носьбіты вось – побач з намі. Гэта нашы бацькі і дзяды. Дзякуючы іх вопыту, гераізму, самаадданасці, дзе б яны ні праяўляліся, мы дыхаем свабодным паветрам і будуем планы.
Сёння ж ёсць каму прыйсці на змену старэйшым пакаленням. Моладзь з радасцю аб’ядноўвае вопыт з сучаснымі інавацыямі і рухаецца наперад. Падчас мерапрыемства найбольш актыўныя і неабыякавыя старшакласнікі ўрачыста ўступілі ў рады саюза моладзі. Членскія білеты яны атрымалі з рук метадыста аддзела адукацыі Наталлі Дулько і галоўнага спецыяліста райкама БРСМ Святланы Лапыр. У сваім звароце да новых членаў маладзёжнай арганізацыі Н. Дулько засяродзіла ўвагу на тым, што менавіта маладому пакаленню наканавана пракладваць новыя шляхі, ад яго залежыць будучы лёс горада, раёна і краіны.
Дастойнае і шматлікае папаўненне атрымала і Беларуская піянерская арганізацыя. Ветэраны, якія ўяўляюць сабой прыклад мужнасці, стойкасці і адданасці Радзіме, павязалі гальштукі на шыях 27-і хлопчыкаў і дзяўчынак. Уступаючыя ў піянеры разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Іванам Цялежнікавым прынеслі ўрачыстае абяцанне.
Акцябратамі падчас мерапрыемства сталі 3 класы цалкам. Значкі ім прышпілілі старэйшыя таварышы – члены саюза моладзі.
Паміж урачыстымі момантамі радавалі гасцей і дэманстравалі свае таленты юныя спевакі, таксама навучэнцы першай школы.
Такое вось перайманне традыцый і вопыту ўдалося адлюстраваць арганізатарам мерапрыемства падчас адносна кароткага прамежку часу. Хочацца спадзявацца, што маладое пакаленне ўвабрала ў сябе ўсё лепшае з прапанаванага і ў будучым толькі прымножыць яго.

Вячаслаў Каладынскі.