Авантуры не праходзяць

Человек и закон

Не бывае спакойных будняў на пагранічным пункце пропуску “Урбаны”. Круглыя суткі тут, на мяжы з Латвіяй, нясуць службу супрацоўнікі мытні, на дзяжурства якіх выпадае нямала авантурных спраў. Бо побач з тымі, хто перасякае граніцу, каб наведаць родных, навесці парадак на дачным участку ці могілках, па іншых прычынах, існуюць і тыя, хто імкнецца “паспытаць шчасця” ў супрацьпраўных авантурах.
У апошні час адна з прыярытэтных задач мытнікаў — кантроль за часовым увозам у Беларусь транспартных сродкаў для асабістага карыстання. І нягледзячы на яго эфектыўнасць, усё ж сустракаюцца часам грамадзяне, што сумняваюцца ў прафесіяналізме мытнікаў. Так, у верасні — кастрычніку было спынена адразу некалькі спроб увозу грамадзянамі як блізкага, так і далёкага замежжа легкавых аўтамабіляў быццам бы для часовага карыстання імі на тэрыторыі Мытнага саюза.
Праверкі ж паказалі, што на кожным з такіх вадзіцеляў ужо лічацца раней увезеныя і не вернутыя назад у патрэбныя тэрміны аўтамабілі. Таму аўто затрыманы да пагашэння ўзнікшай перад дзяржавай падатковай запазычанасці. Пачатыя адміністрацыйныя спарвы пераведзены ў суд. Верагодней за ўсё, што “перагоншчыкам” давядзецца развітацца як з дарагімі аўто, так і з надзеямі на лёгкую нажыву. Напрыклад, пры мытным афармленні ўвозімага грамадзянінам Германіі легкавога аўтамабіля высветлілася, што ён раней ўвозіў на тэрыторыю Мытнага саюза адразу некалькі аўтамабіляў розных марак праз іншыя пункты пропуску Беларусі. І хоць ён спрабаваў сцвярджаць, што ездзіў на розных сваіх машынах “на справах” і своечасова вывозіў іх за межы Мытнага саюза дзесьці праз пункты расійскай граніцы, мытня, кіруючыся патрабаваннямі заканадаўства, правяла праверку.
У яе выніку на аўтамабіль германскага подданага коштам 100 млн. руб. накладзены арышт, матэрыялы справы перададзены ў суд.
Зразумела, што для аўтамабільнага рынку зараз у краіне не лепшы час. Пошліны, што ўзраслі на патрыманыя аўтамабілі, пазбавілі многіх грамадзян з сярэднім дастаткам магчымасці набыць неабходны транспартны сродак. Вось і ідуць некаторыя на павадку ў хітрых перагоншчыкаў, а ў канчатковым выніку страчваюць накопленыя грошы, а часам і добрае імя.
Каб пазбегнуць падобных вынікаў, мытня лічыць неабходным папярэдзіць асоб, што перасякаюць граніцу, грамадзян, сустракаючых замежных гасцей, што старанна правяраецца кожны факт увозу транспартнага сродку для асабістага карыстання. Прычым звесткі могуць быць атрыманы з любога пункта граніцы, дзе б ні быў здзейснены папярэдні ўезд.
Трэба адказна аднесціся да гэтага самім і папярэдзіць сваіх гасцей пра неабходнасць дакладна выконваць вызначаемыя службовай асобай мытні тэрміны часовага ўвозу аўтамабіляў замежнай рэгістрацыі.
Па гэтых і іншых пытаннях мытнай праблематыкі можна атрымаць адказ па тэлефонах 35-0-33, 35-0-35.
Валерый Гордаў,
начальнік аддзела мытнага афармлення і кантролю № 1 Браслаўскага мытнага паста.