Яго крэда – актыўная грамадзянская пазіцыя

Главное

У Яраслава Сапеля добра атрымліваецца сумяшчаць пасаду дырэктара філіяла РВУ “Браслаўрайгаз”, актыўна займацца дэпутацкай дзейнасцю ў раённым Савеце дэпутатаў, узначальваць дэпутацкую камісію па пытаннях прамысловасці, транспарту, будаўнічых комплексаў, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі, а таксама раённую арганізацыю РГА “Белая Русь”. Праўда, не заўсёды на ўсё хапае часу, не гаворачы ўжо пра адпачынак ці любімае захапленне. Нават на сустрэчу з журналістам Я. Сапель ледзь-ледзь з-за занятасці выкраіў са свайго рабочага графіка літаральна не больш за гадзіну.
Шаснаццаць гадоў таму назад прыйшоў ён у Браслаўрайгаз. Тады гэта быў усяго толькі цэх звадкаванага газу, які займаўся забеспячэннем ім спажыўцоў і ўстаноўкай газавых пліт. З той пары нямала змянілася. Жыццё ж не стаіць на месцы. У 2006 годзе ў наш раён прыйшоў прыродны газ. Шмат давялося папрацаваць калектыву, яго дырэктару, каб адладзіць увесь працэс да дробязей. Сёння на балансе філіяла 137 кіламетраў газаправода, па якім паступае да спажыўцоў прыродны газ. Толькі за 9 месяцаў бягучага года пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 8,5 км сетак.
Акрамя насельніцтва, спажыўцамі прыроднага газу з’яўляюцца 6 прамысловых аб’ектаў, 4 камунальна-бытавыя, 2 сельгасарганізацыі. Да таго ж ім карыстаюцца ў г.п. Відзы, аграгарадках Ахрэмаўцы, Пагошча, Опса, Вайнюнцы, у вёсцы Ёдлавічы. У апошні час актыўна вядзецца газіфікацыя прыватных дамоў, уладальнікі якіх аб’ядналіся ў кааператывы. Усяго да канца бягучага года больш за 1 тысячу домаўладанняў будуць мець прыродны газ.
Напружаныя планы і высокія тэмпы работ патрабуюць павышанай адказнасці, дысцыплінаванасці не толькі ад спецыялістаў, работнікаў філіяла, а і ад кіраўніка, які быў і застаецца для калектыву прыкладам працавітасці і сур’ёзных адносін да любой справы, за якую б ні ўзяўся. Яраслаў Сапель — патрабавальны кіраўнік, ва ўсім любіць парадак, не дае спуску і не дазваляе расслабляцца ні сабе, ні падначаленым. І ў той жа час, калі чалавеку патрэбна дапамога, падтрымка, не адмовіць. Працягне руку, дасць шанс выправіць памылку, а не рубіць, як кажуць, з пляча.
Чатыры скліканні запар Я. Сапель з’яўляецца дэпутатам раённага Савета, членам прэзідыўма, райвыканкама. Ён заўсёды мае свой пункт погляду на тую ці іншую праблему, не баіцца выказаць уласнае меркаванне. Менавіта за такія дзелавыя якасці выбаршчыкі па Школьнай выбарчай акрузе №4 ужо не першы раз яму аказваюць давер на выбарах.
Дзверы кабінета дырэктара Браслаўрайгаза заўсёды адкрыты для выбаршчыкаў, браслаўчан. Праўда, у апошні час большасць з іх прыходзяць на прыём з пытаннямі па газіфікацыі. Кожны візіт і кожная просьба ў Яраслава Сапеля пад асабістым кантролем. Ён стараецца па магчымасці дапамагчы людзям, каб яны не згубілі веру ў справядлівасць і дзейснасць яго як кіраўніка і як прадстаўніка мясцовай улады.
3 лістапада праходзіў ІІ з’езд “Белай Русі”. Яраслаў Сапель быў абраны на яго дэлегатам. Прыехаў з Мінска поўны ўражанняў, бо з’езд, па яго ўласным прызнанні, стаў добрым імпульсам у далейшым на плённую работу. Былі падведзены вынікі за час, які прайшоў з моманту ўстаноўчага з’езда, пастаўлены новыя мэты, задачы, намечаны шляхі іх вырашэння.
Сёння “Белая Русь” — адна з самых шматлікіх грамадскіх арганізацый. У яе радах і каля 350 браслаўчан, людзей рознага ўзросту і прафесій. Яны ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях, выбарчых кампаніях. Сам Я. Сапель, дарэчы, быў членам акруговай камісіі на нядаўніх парламенцкіх выбарах.
Браслаўрайгаз, дэпутацкая дзейнасць, “Белая Русь” сталі неад’емнай часткай жыцця Яраслава Сапеля. Ва ўсіх гэтых накірунках яму ўдаецца спалучаць свой багаты вопыт кіраўніка, дэпутата і проста чалавека, за што яго паважаюць не толькі ў калектыве, а і ў раёне, вобласці. Яскравае пацвярджэнне таму і ганаровае званне “Чалавек года Браслаўшчыны”, якое было яму прысуджана ў намінацыі “Вытворчая дзейнасць” па выніках за 2010 год.
Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.