Браслаўшчыну наведалі госці з Кітая

Главное

Калі ласка, у Беларусь! Пад такой назвай тэлеканал АНТ дэманструе свой новы арыгінальны праект, галоўнымі героямі якога сталі замежныя госці. Сутнасць праекта заключаецца ў тым, каб пазнаёміць грамадзян замежных дзяржаў з культурай і цудоўнымі мясцінамі нашай краіны.
У праекце прымалі ўдзел сем’і з ЗША, Германіі, Францыі, Паўднёвай Карэі, Кітая і Іспаніі. Перад кожнай з іх была пастаўлена задача як мага падрабязней вывучыць культурныя і гістарычныя аб’екты адной з абласцей Беларусі.
У распараджэнні кожнай сям’і былі чатыры дні, на працягу якіх арганізатары прадставілі Беларусь не толькі як краіну, якая шануе свае традыцыі і звычаі, але і як высокатэхналагічную дзяржаву, якая ідзе ў нагу з часам і сусветнымі інавацыйнымі тэхналогіямі. Так, госці не толькі даследавалі этнаграфічныя вёскі і дэгуставалі стравы нацыянальнай беларускай кухні, але змаглі наведаць такія аб’екты, як, напрыклад, спартыўны комплекс “Мінск-арэна” і Нацыянальная бібліятэка, спусціцца ў Салігорскія шахты і нават сустрэцца з беларускай супольнасцю байкераў. Галоўная задача праекта – паглядзець на Беларусь вачыма замежных гасцей і ў чарговы раз упэўніцца ў яе цудоўнай шматграннасці.
Сям’я з Кітая Мін і Вэйвэй са сваім дзесяцігадовым сынам выбралі для падарожжа Віцебскую вобласць. Напачатку яны пабылі ў Полацку. Моўны бар’ер пераадольвалі з дапамогай размоўніка і моўных жэстаў. У час свайго падарожжа кітайская сям’я наведала прадпрыемства “Полацк шкловалакно” з сучаснай мадэрнізаванай вытворчасцю.
Затым былі экскурсіі ў Спаса-Эўфрасініеўскі манастыр, Сафійскі сабор.
На наступны дзень іх шлях ляжаў у Віцебск. Яны захапляліся культурнымі і гістарычнымі мясцінамі горада, наведалі плошчу Перамогі, алею воінскай славы, Летні амфітэатр, дом-музей Марка Шагала. Спадабалася гасцям і на аграсядзібе, дзе яны больш блізка пазнаёміліся з традыцыямі беларускага народа, пакаштавалі стравы нацыянальнай кухні.
На трэці дзень знаходжання ў Беларусі кітайская сям’я наведала адно са старэйшых тэкстыльных прадпрыемстваў нашай краіны “Віцебскія дываны”, дом-музей імя Рэпіна, прысутнічалі на майстар-класах у мясцовых мастакоў. Дарэчы, Мін і Вэйвэй самі захапляюцца мастацтвам і шмат малююць. Аднак тыя тэхнікі жывапісу, што пазналі ў нас, іх не пакінулі раўнадушнымі.
На Браслаўшчыну кітайская сям’я прыехала амаль апоўнач. Іх сустракалі на аграсядзібе ў Богіна. Тут яны пажадалі начаваць у адрыне. Гаспадар сядзібы Уладзімір Бачыла задаволіў іх такое жаданне, ад чаго Мін і Вэйвэй, іх сын засталіся ў захапленні.Госці з Паднябеснай з задавальненнем пракаціліся на калёсах па мясцовасці, наведалі святую крыніцу Макавей, сфатаграфаваліся ў нацыянальнай вопратцы і, вядома ж, пакаштавалі нашы беларускія стравы. Спадабалася ім, і як іх вучылі танцаваць беларускую польку. Тут ужо пастараліся дырэктар Богінскага СДК Ірына Ванага і яе супрацоўнікі.
Кітайская сям’я прайшлася таксама на экалагічнай сцяжынцы па Слабодкаўскай озавай градзе, прагулялася на лодцы па возеры Дрывяты.
На Замкавай гары яны малявалі краявіды, што адкрываліся іх погляду.
— Я абавязкова раскажу пра ўсё, што ўбачыў у Беларусі, сваім сябрам, — казаў у тэлеэфіры Вэйвэй. – Думаю, што яны з задавальненнем наведаюць вашу краіну і ўбачаць усё тое, што бачылі мы.
Пасля вяртання на радзіму кітайская сям’я абяцала напісаць усе ўбачаныя пейзажы на палотнах, каб пакінуць усё гэта не толькі ў сваёй памяці, а і ў памяці нашчадкаў.

Зінаіда Палулех.