Віцебск запрашае браслаўчан на «Славянскі базар»

Главное

 На наступным тыдні гасцей збірае XXI Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Пройдзе ён з 12 па 18 ліпеня. Праграма фестывалю ніколькі не саступае юбілейнай мінулага года і выглядае прыцягальнай для аматараў музыкі, тэатра і кінамастацтва.
Гледачоў чакае грандыёзныя цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю, вялікая колькасць сольных канцэртаў, стаўшых традыцыйнымі гала-канцэртаў майстроў мастацтваў Расіі, Беларусі, Украіны. “Тэатральныя сустрэчы” пройдуць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа і канцэртнай зале “Віцебск”. У спектаклях расійскіх тэатраў задзейнічаны вядомыя акцёры. На вялікім экране фестывалю – новае кіно. Гледачы ўбачаць чатыры мастацкія стужкі, створаныя кінематаграфістамі Расіі, Літвы, сумесна – Беларусі, Латвіі, Эстоніі. У абласной філармоніі адчыніцца традыцыйны “Фестываль без межаў”, а таксама адбудзецца вечар рускага раманса.
Галоўныя падзеі фестывалю – конкурсныя. У гэтым годзе ўдзел у XXI Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск – 2012” прымуць 21 малады выканаўца з 21 краіны. Яркай падзеяй абяцае стаць Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск – 2012”. З “Краіны Зачараваных Гукаў” на 18 мовах прагучаць галасы 21 юнага выканаўцы.
Канцэрты самадзейных артыстаў, творчых калектываў, кірмашы, горад майстроў, выставы мастакоў – усё гэта дазволіць па-сапраўднаму адчуць свята. Самыя яркія падзеі будуць разгортвацца на плошчы Перамогі, вуліцы Суворава, Пушкіна, каля комплексу “Залатое кольца г. Віцебска “Дзвіна», у парку Мазурына. Віцебск чакае гасцей.