Браслаўчане прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку (фота)

Главное

Самы актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку, які праводзіўся 21 красавіка, прынялі працаўнікі нашага раёна. Па даных рабочай групы па правядзенні мерапрыемства, на сваіх рабочых месцах, добраўпарадкаванні населеных пунктаў прынялі ўдзел 12 850 чалавек. У гэты дзень было выраблена прамысловай прадукцыі на суму 35 млн. руб. Усяго ж у фонд суботніка ад браслаўчан пералічыцца 124,8 млн. рублёў.

Як і заўсёды, працаўнікі сельскай гаспадаркі займаліся сваімі будзённымі справамі: сеялі яравыя культуры, даглядалі жывёлу. У горадзе ж асноўная маса рабочай сілы была накіравана на добраўпарадкаванне замацаваных за прадпрыемствамі і арганізацыямі  тэрыторый. Ва ўсіх сельскіх Саветах дэпутатаў  прыбіралі  могілкі, наводзілі парадак ля помнікаў загінуўшым абаронцам нашай Айчыны, у скверах.

Самы шматлюдны атрад добраахвотных удзельнікаў суботніка – школьнікі. Напрыклад, навучэнцы СШ №2 прыбіралі схіл гары, якая прымыкае да вул. Булойчыка, першай школы наводзілі  парадак на стадыёне і вуліцы Садовай, базавай школы – у лесе і вакол будынкаў сваёй навучальнай установы. Гімназісты прыбіралі гарадскі парк, саджалі дрэвы ля аўтастанцыі. Дарэчы, разам з вучнямі гімназіі ўладкоўваў  сквер і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, што надавала гімназістам асаблівы настрой.

У час  рэйду па горадзе сфатаграфаваў, як працаўнікі хлебазавода прыбіралі вул. Дзяржынскага, гаргаза ўладкоўвалі сквер  насупраць адміністрацыйнага будынка, дзе пасадзілі чырвоныя дубы.

І ўсё ж, бадай, самы значны ўклад у абнаўленне горада ўнеслі нашы камунальнікі. Працаўнікі  гэтай арганізацыі фарбавалі агароджы і бардзюры, садзілі дрэвы ў скверы на вул. Кастрычніка, разам з калегамі з ДРБУ-142 клалі плітку на тратуарах па вул. Дзяржынскага, займаліся ямкавым рамонтам вуліц,  добраўпарадкавалі яўрэйскія могілкі.

Такім чынам, можна смела сказаць, што, мовячы стылем савецкіх часоў, “свята камуністычнай працы” браслаўчане адзначылі дастойна: унеслі свой уклад у фонд рэспубліканскага суботніка, а галоўнае – упрыгожылі  нашы населеныя пункты.

Тэкст і фота

Аляксандра Азевіча.