Браслаўская бібліятэка аб’яўляе конкурс

Главное

Сваім чытачам бібліятэка прапануе прыняць удзел ў конкурсе “Лепшы чытач беларускай літаратуры”, які праходзіць з 1 лютага па 30 верасня 2012 год. Паўдзельнічаць у ім маюць магчымасць усе жыхары горада, якім споўнілася 16 год. Чытачам патрэбна толькі ўзяць на абанеменце кнігі, часопісы на беларускай мове. Пасля звароту іх ў бібліятэку, карыстальніку ўручаецца жэтон і прапануецца па жаданні напісаць некалькі слоў пра прачытанае ў сшытку водгукаў. Дадатковым бонусам будзе наведванне масавых мерапрыемстваў беларускай тэматыкі, якія праводзяцца цэнтральнай бібліятэкай. Удзельнічаць у конкурсе могуць 3 катэгорыі: навучэнцы школ, моладзь (да 30 год) і дарослыя. У кожнай катэгорыі будзе вызначаны лідар. Вынікі конкурсу “Лепшы чытач беларускай літаратуры” падвядуць ў кастрычніку 2012 года. Пераможцы атрымаюць прызы — падпіску на адно беларускае перыядычнае выданне на 2013 год (на выбар пераможцы).

У 2012 годзе спаўняецца 130 год з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іх вершаваныя і празаічныя творы даўно ўвайшлі ў школьныя хрэстаматыі, знайшлі ўдзячных чытачоў ва ўсім свеце. Іх творчасць ад першага да апошняга радка належыць Беларусі і яе нацыянальнай культуры. Таму ў цэнтральнай бібліятэцы на працягу года будзе праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею гэтых вядомых беларускіх пісьменнікаў.

У дадатак бібліятэка прапануе сваім чытачам прыняць удзел і адказаць на пытанні віктарыны “Чытаем, ведаем, ганарымся”, прысвечанай юбілею беларускіх песняроў. Адказы на пытанні прыносьце ў бібліятэку з 8.00 да 19.00 гадзін штодня на працягу года, альбо дасылайце па адрасу: г.Браслаў, вул.Савецкая, 110. Даведкі можна атрымаць па тэлефоне: 22-4-81. Пераможцаў чакаюць прызы.

Жыццё і творчасць Янкі Купалы

1. Якое сапраўднае прозвішча Янкі Купалы?

2. Калі і дзе нарадзіўся паэт?

3. Кім Я.Купала працаваў у Вільні ў 1908 годзе?

4. Якая падзея адбылася 23 студзеня 1916 годзе ў жыцці Янкі Купалы?

5. Які першы друкаваны твор Янкі Купалы?

6. Якія творы Янкі Купалы пакладзены на музыку? Якімі кампазітарамі?

7. У якім горадзе ЗША і кім пастаўлены помнік Янку Купалу? Хто яго скульптар?

8. Дзе і калі адбылася першая сустрэча Янкі Купалы і Якуба Коласа?

9. На якой сцэне і калі ўпершыню была пастаўлена п’еса Я.Купалы “Паўлінка”. Хто выконваў галоўную ролю?

10. Песняра пахавалі 1 ліпеня 1942 года на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а дзе ён пахаваны цяпер?

Жыццё і творчасць Якуба Коласа

1. Калі і дзе нарадзіўся Якуб Колас?

2. Сапраўднае прозвішча пісьменніка?

3. Як называўся першы верш паэта, дзе і калі ён быў надрукаваны?

4. За што Якуб Колас тры гады правёў у турме?

5. Якім яшчэ псеўданімам у дакастрычніцкі час падпісваў Я.Колас свае творы?

6. Колькі дзяцей было ў сям’і Якуба Коласа?

7. Пра якую паэму Я.Коласа Кандрат Крапіва зазначыў, што яна з’яўляецца сапраўднай жамчужынай у беларускай літаратуры?

8. Які кампазітар паклаў на музыку тэкст з паэмы “Новая зямля”?

9. Рукапіс якой паэмы Я.Колас згубіў і вымушаны быў пісаць нанава?

10. Якія вы ведаеце байкі Я.Коласа?

11. У якім годзе і якое ганаровае званне было прысвоена Я.Коласу?

Супрацоўнікі бібліятэкі запрашаюць да ўдзелу ў конкурсах і мерапрыемствах беларускай тэматыкі, якія плануецца правесці, усіх жадаючых. Прыходзьце да нас!

Наталля Вансовіч,

бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі