Браслаўскі музей традыцыйнай культуры прэзентаваў выставу, прысвечаную музычным інструментам

Главное

У суботу Музей традыцыйнай культуры прэзентаваў фотавыставу “Музыканты Селонскага краю” — гэта некалькі дзясяткаў старых фотаздымкаў музыкантаў Літвы канца 19 – пач. 20 ст. Адначасова з фотавыставай былі выстаўлены музычныя інструменты з фондаў Браслаўскага музейнага аб’яднання.
На выставе прысутнічалі ўдзельнікі міжнароднага этнамузычнага лагера, які гэтымі днямі праходзіць у Браславе.
Перад прысутнымі выступіў пастаўскі фальклорны ансамбль “Паазер’е” пад кіраўніцтвам Анатоля Собаля. Прагучала шмат беларускіх народных мелодый, выкананых на гармоніку, скрыпцы, цымбалах, і бубне: “Гармошачка”, “Сустрэча”, “Літоўскі вальс», “Груздаўская кадрыль” і інш. Што прыемна, бубнач гурта «Паазер’е» родам з Браслаўшчыны (в.Луні).
Некалькі прыгожых мелодый выканалі ўдзельнікі этнамузычнага лагера, у тым ліку прыдуманы за некалькі дзён свой уласны «літоўска-латгальска-відзаўскі» вальс.
Гінтарас Андрыяўскас — адзін з аўтараў выставы — расказаў пра падабенства беларускіх і літоўскіх музычных інструментаў, а загадчыца музея Элеанора Зінкевіч распавяла пра браслаўскую калекцыю музычных інструментаў, што збіраецца яшчэ з пачатку 90-х гадоў і ўжо экспанавалася на выставах у іншых гарадах.
Прапануем вашай увазе відэазапіс з выставы і нагадваем, што на працягу месяца ў бакавой залі Музея традыцыйнай культуры можна пазнаёміцца з выстаўленымі фотаздымкамі сялонскіх музыкаў, і народнымі інструментамі браслаўскага рэгіёна.

Гальляш Сілява.
Фота і відэа аўтара.