Жизнь одной доярки

Деньги

Цяжка падлічыць тую колькасць працаўнікоў палёў і ферм, пра якіх давялося расказваць на старонках газеты за ўсе гады маёй работы ў рэдакцыі. Многія падрабязнасці даўно сцёрліся з памяці, а вось чамусьці сустрэча 18-гадовай даўнасці з даяркай фермы “Кумпіні” СВК “Маяк Браслаўскі” Ядвігай  Чырва добра памятаецца і  цяпер.

На днях зноў давялося сустрэцца з перадавой даяркай. Першае, што ўразіла, гэта той жа малады запал, аптымізм, якія Ядвіга не згубіла за прайшоўшыя гады. Мабыць, гэтыя рысы характару і дапамагаюць жанчыне ўпэўнена крочыць па жыцці, пераадольваючы ўсе цяжкасці, быць душой і завадатарам свайго калектыву, служыць прыкладам у працы. А працаваць Я. Чырва ўмее. Кожны год яна ў лідарах па надоях. Сёлетні ж абяцае быць самым плённым. За 9 месяцаў аператар надаіла на карову па 6289 кг малака, а валавы надой дасягнуў 168,8 тоны. Колькі фізічных сіл патрэбна каб перанесці  ўсю прадукцыю ў даільных вёдрах, пэўна, ведае толькі сама Ядвіга. І яна шчыра  радуецца таму, што сёлета на ферме правялі рэканструкцыю: устанавілі малакаправод, механізавалі раздачу кармоў.

Дарэчы, з размоў з кіраўнікамі гаспадарак ведаю, што ўстаноўку малакаправодаў калектывы ферм не ўсюды ўспрымаюць адназначна. Хоць цяпер на кожную групу кароў манціруецца асобны лічыльнік, даяркі лічаць, што хтосьці будзе “халтурыць” і атрымліваць тыя ж грошы. У “Кумпінях” такіх рознагалоссяў не ўзнікала, бо калектыў тут склаўся дружны, кожная з даярак гатова ў любы момант дапамагчы, замяніць, калі трэба. І як гаварыў галоўны заатэхнік гаспадаркі Л. Барткевіч, немалая заслуга ў гэтым менавіта Ядвігі. Цяпер яна старэйшы па стажу работнік фермы, да яе парад заўсёды прыслухоўваюцца маладыя. Сама ж Я. Чырва, наадварот, сцвярджала, што гэта ёй як “бабульцы” дапамагаюць ва ўсім маладзейшыя. Такая зладжаная праца спрыяе ўсяму калектыву дабівацца высокіх паказчыкаў у рабоце. У цэлым па ферме сёлетнія надоі на карову ўжо дасягнулі 5115 кг малака. Да канца года  плануецца атрымаць ад каровы не менш як па 5,5 т прадукцыі. Прыклад ёсць з каго браць.

А. Азевіч.