У дні, калі нашы сэрцы напоўнены вялікай радасцю светлага свята Вялікадня, па добрай традыцыі ў СШ № 2 прайшоў штогадовы конкурс чытальнікаў духоўнай паэзіі і прозы.
З задавальненнем хочацца адзначыць, што колькасць удзельнікаў гэтага мерапрыемства не толькі павялічваецца, а і значна маладзее. Так, сёлета самым юным чытачом стала пяцігадовая выхаванка Відзы-Лаўчынскага ДСПШ Дзіяна Ліхіна.
Даволі насычанай і тэматычна разнастайнай была праграма конкурсу. Акрамя вядомых і класічных твораў, на суд журы дзве канкурсанткі прадставілі і аўтарскія радкі.
Незвычайна артыстычна і не па-дзіцячаму прафесійна трымаліся на сцэне многія выканаўцы. Былі і тыя, хто ўпершыню падняўся на сцэну, але не разгубіўся пад пільным поглядам журы і слухачоў.
На конкурсе, акрамя адзіночных выканаўцаў, выступалі таксама і калектывы, якія ўнеслі разынку тэатральнасці, дадалі відовішча і здзівілі прысутных сваімі касцюмамі і дэкарацыямі.
Задумлівыя, радасныя, лірычныя, узвышаныя, малітоўна-духоўныя паэтычныя і празаічныя творы гучалі са сцэны ў той дзень. Таму перад журы стаяла складаная і адказная задача. Тым не менш пасля стараннага і ўдумлівага абмеркавання старшыня журы Ірына Угарэнка аб’вясціла імёны лепшых.
Штогод папаўняецца скарбонка духоўных каштоўнасцей нашай Браслаўшчыны юнымі талентамі. Пра што сведчыла намінацыя “Паэт”, лаўрэатамі якой сталі Эма Сударгіна (Відзы-Лаўчынскі ДСПШ) і Дар’я Ахрамовіч з гімназіі. Пранікнёныя шчырыя радкі ўласнага сачынення дзяўчат закранулі сэрца журы і слухачоў. Да таго ж за арыгінальнае прадстаўленне і падачу верша Дар’я адзначана і дыпломам як лепшы чытальнік у старэйшай узроставай групе.
Сярод малодшых школьнікаў пераможцам стала Кацярына Дударонак (СШ № 2), якая вельмі ўдала стварыла на сцэне вобраз святла і веры, другое месца прысуджана Вікторыі Карповіч (Чэрнеўская БШ).
У другой узроставай групе чытальнікаў на другую прыступку паднялася Карына Бурэль (Мількаўскі ДССШ), трэцяю заняла Вікторыя Ундруль (СШ № 2).
У намінацыі “Літаратурна-музычныя кампазіцыі” першае месца падзялілі два калектывы з СШ № 2, а за сваю “Дзіцячую споведзь” вучні малодшых класаў СШ № 1 атрымалі другое месца.
Акрамя дыпломаў, усе пераможцы, а таксама самыя юныя ўдзельнікі конкурсу прэміраваны прыгожымі мяккімі цацкамі.
Напрыканцы свята духоўнага слова выступіла ганаровая госця мерапрыемства ігумення Свята-Панцялеймонаўскага жаночага манастыра ў г. Браславе матушка Ніка. Яна павіншавала ўсіх прысутных са светлым і радасным Уваскрэсеннем сына Божага, а ўдзельнікам конкурсу ўручыла маленькія абразікі, якія прынясуць іх уладальнікам спакой у душы і веру ў дабро і справядлівасць.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.