Сёлета 30 гадоў, як у Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаюць свята ўраджаю і маштабна ўшаноўваюць хлебаробаў. Ініцыятыва гэтая набыла ўстойлівую форму фестывалю-кірмашу і ў такім выглядзе амаль нязменна рэалізуецца ў розных куточках нашай краіны.
Чарговае абласное свята пройдзе ў Міёрах. Сем жа гадоў таму назад яго сталіцай быў Браслаў. Прапануем узгадаць той час.
Рэгіянальны сельскагаспадарчы фэст наш горад прымаў 28 – 29 верасня 2019-га. Свята сабрала тысячы гасцей з усёй вобласці, рэспублікі і нават замежжа. Яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да мемарыяла воінам-вызваліцелям, сталі гледачамі відовішчных выступленняў ратавальнікаў з удзелам авіяцыі, віцебскіх дэсантнікаў і спартсменаў, прайшлі калонай па цэнтральных вуліцах райцэнтра.
Тым часам літаральна на ўсіх свабодных пляцоўках былі разгорнуты тэматычныя лакацыі самых розных арганізацый, службаў і ведамстваў – ад БРСМ да МНС і ДАІ. Паўсюдна праходзілі спартыўныя спаборніцтвы, выстаўлялася спецыялізаваная тэхніка, свае паслугі прапаноўвалі шырока прадстаўлены гандаль і палаткі грамадскага харчавання.
Эпіцэнтрам жа афіцыйнай часткі «Дажынак-2019» стала Леснічоўка. Тут у лепшых традыцыях мерапрыемства ўшаноўвалі перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, уручалі прэміі і каштоўныя падарункі, у тым ліку новенькія трактары. Да прысутных звярнуліся спікер парламента (ад імя Прэзідэнта і сябе асабіста), старшыня аблвыканкама, шэраг міністраў і іншых высокапастаўленых кіраўнікоў. Браслаўчане паднімаліся на святочную сцэну пяць разоў, прычым двойчы былі адзначаны маякоўцы. Дапоўніў цырымонію яскравы канцэрт з удзелам заслужанай артысткі Расійскай Федэрацыі Варвары.
Нельга не адзначыць, што непасрэдна фестывалю-кірмашу папярэднічала вялізная і працяглая работа па падрыхтоўцы горада. У яе рамках Браслаў набыў новы выгляд: былі абноўлены больш за 100 грамадскіх, сацыяльных і вытворчых аб’ектаў, райцэнтр атрымаў сучасную набярэжную і зручны парк, праз капітальны і бягучы рамонт прайшлі 35 шматкватэрных дамоў, новае асфальтавае пакрыццё з’явілася на 10 кіламетрах гарадскіх вуліц. Спіс будзе няпоўным без упамінання маштабнага добраўпарадкавання – помнікаў, двароў, карпаратыўных і агульных тэрыторый.
На пералічаныя вышэй мэты з розных крыніц было накіравана звыш 20 мільёнаў рублёў, а таксама намаганні тысяч мясцовых жыхароў і запрошаных спецыялістаў.
Словам, «Дажынкі» прынеслі ў Браслаў прыгожае, імклівае свята, а разам з ім істотнае абнаўленне, якое мы ацанілі і здабыткамі якога карыстаемся і па сённяшні дзень. ■
Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ. Фота з архіваў рэдакцыі.
