У Браслаўскай бібліятэцы да Дня беларускага пісьменства арганізавалі гістарычны бібліягід

Новости
Сёлетні XXXIII Дзень беларускага пісьменства прайшоў 5 – 6 верасня ў горадзе Касцюковічы Магілёўскай вобласці. Да гэтай падзеі ў цэнтральнай бібліятэцы г. Браслава для навучэнцаў СШ № 2 імя З. Я. Кожар быў падрыхтаваны гістарычны бібліягід «Славутыя імёны Беларусі».

Пазнавальнае мерапрыемства стала для школьнікаў своеасаблівым правадніком у свет кніжнай культуры і нацыянальнай спадчыны. З дапамогай бібліятэкара Дануты Калкоўскай навучэнцы ўзгадалі, калі і дзе прайшоў першы ў рэспубліцы Дзень беларускага пісьменства, якія гарады краіны ў розныя гады станавіліся пляцоўкамі гэтага свята, а таксама даведаліся нямала цікавых фактаў пра яго.

Асаблівую ўвагу Д. Калкоўская ўдзяліла асобам выдатных беларускіх дзеячаў, што ўнеслі значны ўклад у развіццё пісьменства і кнігадрукавання. Аповед пра іх дапамог хлопцам і дзяўчатам прасачыць, як крок за крокам фарміравалася нацыянальная кніжная традыцыя.

Маляўнічую прэзентацыю дапоўніла выстаўка «Пісьменства з’ядноўвае пакаленні», на якой былі прадстаўлены выданні, прысвечаныя беларускім асветнікам, і друкаваная копія кнігі «Апостал» Францыска Скарыны – шэдэўра ранняга друку, што мае вялікае значэнне для нашай культуры.

Гістарычны бібліятэчны гід не толькі пашырыў кругагляд школьнікаў, а і дапамог ім адчуць сувязь часоў, зразумець, наколькі каштоўная праца тых, хто захоўваў і развіваў беларускае пісьмовае слова. Увогуле ж знаёмства са спадчынай продкаў – трывалая аснова для павагі да роднай культуры і любові да кнігі. ■

Жанна БЯЛЬКО.