Аляксандр Лукашэнка бачыць магчымасці для дасягнення тавараабароту $1 млрд з Калужскай вобласцю

Новости
У Беларусі і Калужскай вобласці ёсць магчымасці для дасягнення тавараабароту $1 млрд. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Калужскай вобласці Уладзіславам Шапшой.

Гаворачы пра магчымасці беларускага боку, Прэзідэнт назваў напрамкі, якія дадуць магчымасць давесці тавараабарот паміж Беларуссю і Калужскай вобласцю да адзнакі $1 млрд. «Я думаю, гэта не толькі і не столькі звычайны гандаль, хоць ён для нас таксама вельмі важны. Мы ўжо навучыліся працаваць у вашай вобласці і гатовы да будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, а вы ўсё ж такі нямала іх ствараеце ў вобласці. Гатовы пад ключ пабудаваць і здаць (адпаведныя аб’- екты. – Заўвага БелТА), каб было відаць аблічча Беларусі», – запэўніў ён і звярнуў увагу на магчымасць стварэння і развіцця кааперацыйных сувязей паміж Беларуссю і Калужскай вобласцю.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на такі напрамак супрацоўніцтва, як сельская гаспадарка. Нягледзячы на тое, што ў Калужскай вобласці нядрэнна развіты аграрны сектар, беларускі бок гатовы пры неабходнасці дзяліцца сваімі напрацоўкамі. «Мы хочам, каб вы ведалі, што ёсць такая блізкая, родная для вас краіна, якая можа матэрыялізаваць усё гэта. Гэта не толькі братэрскія пачуцці, але і вялікая эканоміка», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках мінулага года аб’ём узаемнага гандлю паміж Беларуссю і Калужскай вобласцю склаў $705 млн. Са студзеня па май гэтага года тавараабарот дасягнуў адзнакі $311,4 млн, што складае 117,4 % да аналагічнага перыяду мінулага года. Асновай экспарту сталі нафтапрадукты, мэбля і яе часткі, металаканструкцыі з чорных металаў, насенне, смолы і поліўрэтаны, іншыя віды тавараў.

У Беларусь з Калужскай вобласці імпартаваліся пераважна прадукты для кармлення жывёл, палімеры этылену і прапілену, рыбнае філе, алюмініевы дрот і іншае. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.