Аляксандр Лукашэнка пра адносіны з Узбекістанам: «Падтрымка ёсць, трэба дзейнічаць»

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падпісалі Дэкларацыю аб устанаўленні адносін стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі.

«Гістарычны крок. Дакумент афіцыйна замацоўвае высокі ўзровень двухбаковых адносін, заснаваных на прынцыпах роўнапраўя, узаемнай павагі, даверу і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. Гэта надасць дадатковы імпульс сумеснай працы ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, культурна-гуманітарнай сферах, у галіне бяспекі, процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам», – заявіў беларускі лідар.

Дэкларацыя, разам з дарожнай картай па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам на 2026 – 2030 гады, стала адным з найважнейшых дакументаў, падпісаных па выніках перамоў кіраўнікоў дзвюх дзяржаў.

«Мы паспяхова выконваем дасягнутыя ў 2024 годзе ў Ташкенце дамоўленасці павялічыць аб’ёмы нашага гандлю», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён канстатаваў, што ў 2025 годзе ўзаемны тавараабарот вырас больш чым на 35 %, а ў студзені – маі гэтага года тэмпы росту яшчэ вышэйшыя.

Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што ў краін ёсць рэальныя магчымасці выйсці да 2030 года на тавараабарот $2 млрд, у тым ліку за кошт умацавання ўзаемадзеяння ў сферах машынабудавання, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, фармацэўтыкі і шэрагу іншых.

На гэтым фоне Прэзідэнт вітае цікавасць узбекскага бізнесу да стварэння сучасных жывёлагадоўчых комплексаў на Віцебшчыне. «Сёння мы дамаўляемся пра тое, каб узбекскія інвестары прыйшлі, дапусцім, у Віцебскую вобласць, узялі ўчасткі зямель. Там арганізавана нядрэнна ўсё для таго, каб пачынаць працаваць, вырабляць прадукцыю і пастаўляць адтуль мяса, малако, мяса птушкі ва Узбекістан, – расказаў Аляксандр Лукашэнка. – Для вас гэта магчымасць атрымліваць высакаякасную прадукцыю, якую вы вырабіце самі. А для Беларусі гэта людзі, новыя працоўныя месцы і развіццё вёскі».

«Галоўнае – не стаяць на месцы, не шукаць лёгкіх шляхоў, а выступаць з новымі своечасовымі ініцыятывамі і настойліва дамагацца рэалізацыі. Давайце будзем рухацца насустрач адзін аднаму. Воля прэзідэнтаў ёсць, падтрымка ёсць, трэба дзейнічаць. Дзейнічаць хутка», – заклікаў беларускі лідар.

Па матэрыялах БелТА.