Браслаўчане прынялі ўдзел у ХV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне

Новости
Юбілейны ХV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур адбыўся ў Гродне. Тэматычную пляцоўку на ім прадставіў Браслаўскі раён.

Свята праводзіцца з 1996 г. кожныя два гады. На працягу трох дзесяцігоддзяў яно стала сімвалам адзінства і ўзаемаразумення, аб’ядноўваючы людзей праз мастацтва, традыцыі і гісторыю. У юбілейным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 800 прадстаўнікоў 42 нацыянальнасцей.

Работнікі культуры Браслаўшчыны прадставілі на свяце вялікае тэматычнае падвор’е. На ім супрацоўнікі ўстаноў культуры і раённага аб’яднання музеяў расказвалі пра традыцыі рэгіёна, брэндавыя мерапрыемствы, праводзілі майстар-класы па рамёствах. Пляцоўку браслаўчан наведала шмат гасцей свята. З цікавасцю пазнаёміліся з Браслаўшчынай упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксей Гуйда.

Народны ансамбль народнай песні «На панадворку» выступіў на адной са сцэнічных пляцовак і парадаваў наведвальнікаў фестывалю сваёй творчасцю.

Браслаўчане разам з іншымі ўдзельнікамі яшчэ раз даказалі адкрытасць і гасціннасць беларусаў. І пакуль нехта ўзводзіць перашкоды з калючага дроту, мы робім стаўку на мір і сяброўства без межаў. ■

Алена НАБЕЕВА