У Беларусі трэба ўзмацніць падыходы пры навучанні вадзіцеляў у аўташколах. Такое даручэнне кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даў у час наведвання Мінскага аэраклуба ДТСААФ на аэрадроме Ліпкі.
Адным з відаў дзейнасці ДТСААФ з’яўляецца падрыхтоўка вадзіцеляў розных катэгорый (амаль 45 тыс. чалавек у год), і гэта прыносіць добры даход. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і сам у свой час навучаўся менавіта ў аўташколе ДТСААФ.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што трэба ўзмацняць якасць падрыхтоўкі будучых вадзіцеляў, паколькі гэта ў першую чаргу пытанне бяспекі на дарогах: «Трэба ўзмацняць падрыхтоўку вадзіцеляў. У нас хто толькі не ездзіць сёння на аўтамабілі».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён выступае за тое, каб магчымасць прайсці навучанне ў аўташколе прадастаўлялася ўсім жадаючым – і мужчынам, і жанчынам. Аднак каб стаць вадзіцелем, трэба валодаць не толькі спецыяльнымі навыкамі, але і прыроднымі данымі: быць уважлівым, сабраным і т. п.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што пэўныя меры трэба прымаць не для таго, каб адсячы, адсеяць як мага больш людзей, а менавіта з акцэнтам на якасць падрыхтоўкі і праверку навыкаў ваджэння.
«Мы гэта ўсведамляем, Аляксандр Рыгоравіч. І тое, што апошнім часам робіцца на дарогах… Мы рэалізуем сумесны праект з ДАІ, Мінтрансам (Міністэрствам транспарту і камунікацый. – Заўвага БелТА). Працуе адпаведная камісія для таго, каб выпрацаваць комплекс мер з мэтай павысіць бяспеку на нашых дарогах, – далажыў старшыня ЦС ДТСААФ Андрэй Некрашэвіч. – Наша роля і ўдзел заключаецца ў тым, каб павысіць якасць навучання. Мы не чакаем указанняў зверху».
«У вас усё для гэтага ёсць», – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
«Каб мы дастойных вадзіцеляў рыхтавалі, каб яны маглі на дарогі выязджаць на аўтамабілі, – сказаў Прэзідэнт. – Як бы яны на мяне сёння ні пакрыўдзіліся, калі пачуюць гэты спіч. Яны будуць мне ўдзячныя, таму што жыць жа будуць». ■
Паводле матэрыялаў БелТА.
