Працаўнікі аграпрамысловага комплексу Браслаўскага раёна традыцыйна займаюць сваё дастойнае месца сярод лаўрэатаў звання «Лепшы па прафесіі». Сёлета ў іх ліку Людміла Сідарава – аператар цэха асемянення свінакомплексу СВК «Маяк Браслаўскі».
Усе родныя Людмілы працавалі на комплексе ў Пагошчы – бацька, сястра Ірына, а маці Паліна Лазараўна адшчыравала тут аж 49 гадоў. Сама Людміла вывучылася ў Віцебску на швачку, засталася там жыць, стварыла сям’ю. Але лёс склаўся так, што давялося вярнуцца на радзіму і ўсё ж такі падтрымаць сямейную традыцыю, уладкаваўшыся ў 1996 годзе на комплекс аператарам па адкорме і дарошчванні. Людміла пра гэта не шкадуе: работа ў сельскай гаспадарцы, вядома, цяжкая, але гэта дазволіла перажыць няпросты час, адчуць упэўненасць у заўтрашнім дні.
Апошніх дзесяць гадоў Людміла працуе аператарам у цэху асемянення. Яе прафесія – ключавая для ўзнаўлення свінога пагалоўя і адпаведна павышэння прадукцыйнасці ўсяго комплексу. Разнастайныя абавязкі зводзяцца да штодзённага клопату пра здароўе і стан сваіх падапечных. Цэх разлічаны на 350 свінак, якія змяняюцца пасля праведзенага асемянення. Іх, вядома, не запомніш. А вось дзесяці кнырам, якіх трымаюць у цэху пастаянна, далі мянушкі. Так, аднаго за благі характар назвалі Кракадзілам.
– Яны вельмі разумныя і хітрыя, – з усмешкай дзеліцца Людміла вопытам сваіх шматгадовых працоўных стасункаў са свінкамі. – Напрыклад, вучацца самі адчыняць вароты. І настрой у іх, як і ў людзей, бывае розны. Калі не ў гуморы, то можа і ўкусіць.
Работа на комплексе патрабуе ад кожнага члена калектыву строгага выканання ветэрынарна-санітарных норм. Асабліва пасля таго, як Беларусь сутыкнулася з праблемай афрыканскай чумы свіней. Абавязковы душ перад пачаткам і ў канцы рабочага дня, пераапрананне, санітарная апрацоўка, дысцыпліна. Усё гэта патрэбна, каб паспяховая работа, у якую ўносіць свой уклад і Людміла Сідарава, працягвалася без перашкод. ■
Тэкст і фота Андрэя БУРЦА.
