Менавіта так, проста і без лішняга афіцыёзу, жыхары Ахрэмаўцаў і бліжэйшых вёсак называюць свайго цырульніка комплекснага прыёмнага пункта Наталлю Невярковіч. За 30 з лішкам гадоў працоўнага стажу яна змагла заваяваць сапраўдную любоў і павагу кліентаў. Гэты факт і прывёў яе да прафесіянальнага прызнання. Так, па выніках работы за мінулы год Н. Невярковіч трапіла ў лік тых, каму прысвоена званне «Лепшы па прафесіі».
Аднак не толькі людское прызнанне дапамагло Наталлі дабіцца высокай узнагароды. Бадай, галоўнае ў формуле асабістага поспеху – гэта тое, што яна любіць справу, якой займаецца, шчыра ў гэтым прызнаецца і жадае кожнаму такой жа гармоніі з сабой і абранай прафесіяй.
Цырульнікам жа Н. Невярковіч стала не адразу. Па спецыяльнасці яна футравік, скончыла адпаведнае вучылішча. У 80 – 90-я гады адзенне, галаўныя ўборы і аксесуары з натуральнага футра знаходзіліся на піку сваёй папулярнасці, мода дыктавала правілы – прафесія стала запатрабаванай і прыбытковай. Тым больш што і сыравіна была мясцовая: у той час у раёне працавала звераферма. А шыць прыходзілася рознае: футры, шапкі, каўняры, займалася Наталля і рэстаўрацыяй рэчаў. Ужо тады пра яе залатыя рукі ведалі ва ўсёй акрузе.
Зіма тым часам у нашых краях станавілася больш мяккая, ферма абанкроцілася, а мода прамяняла футра на больш танныя і практычныя матэрыялы. Н. Невярковіч трапіла пад скарачэнне кадраў і паўгода была без працы. Калі ж у цэнтры занятасці ёй прапанавалі прайсці курсы перападрыхтоўкі на цырульніка, жанчына прыгадала, што ўмее стрыгчы (з дзяцінства нажніцы яе слухаліся, яна стрыгла бацьку, маці, сястру і саму сябе), і, не раздумваючы, згадзілася на авантуру.
Курсы Наталля засвоіла на выдатна і вярнулася працаваць у родны КПП, але ўжо з «корачкамі» цырульніка. Так пачаўся яе кар’ерны рост у цырульніцкай справе. За два дзясяткі гадоў яна напрацавала добрую кліенцкую базу, навучылася розным тэхнікам жаночых і мужчынскіх стрыжак, афарбоўвання, зрабіла сотні ўкладак і прычосак, у тым ліку вячэрніх. Нават прымала ўдзел у адпаведных конкурсах. Каб быць у тэме і выконваць пажаданні кліентаў (а гэта не толькі вяскоўцы, а і непасрэдна жыхары Браслава, турысты), Н. Невярковіч пастаянна самаадукоўваецца. Як сама кажа, Гугл у дапамогу: там можна знайсці ўсё, было б жаданне. А яно ёсць! Вось і ідуць людзі да такога майстра: патрэбна модная стрыжка – калі ласка, трэндавае афарбоўванне – не праблема, ды і пабыць у якасці псіхолага Наталля таксама можа.
– Стрыгчы я любіла заўсёды, – прызнаецца Н. Невярковіч. – Гэта тое, што мне па-сапраўднаму падабаецца. Ведаеце, шчасце, калі ты з задавальненнем раніцай крочыш на работу і з задавальненнем вяртаешся дадому. Мне пашанцавала: менавіта так у мяне і склалася. Я бачу вынік сваёй дзейнасці, бачу задаволеных і ўдзячных людзей. Адчуванне сваёй неабходнасці прыносіць плён і асалоду. Спадзяюся, што мае думкі супадаюць з думкамі маіх кліентаў.
А яны сапраўды супадаюць, бо ў каго ні спытаеш, адказ адзін: «Наша Наташа – проста клас!» ■
Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.
