У Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры працуюць адразу дзве цікавыя выставы

Отдых
  У музеі традыцыйнай культуры можна наведаць адразу дзве цікавыя выстаўкі. Адна прысвечана творчасці беларускага мастака Георгія Паплаўскага, другая прэзентуе карціны мясцовых творцаў.

У хуткім тэмпе жыцця проста неабходна пераключацца з рабочага графіка на адпачынак. Наведванне выставак у Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў – гэта адзін з самых простых спосабаў далучыцца да свету творчасці ды прыгажосці, адпачыць душой. Тым больш што супрацоўнікі музея заўсёды рыхтуюць цікавыя экспазіцыі. Так, у музеі традыцыйнай культуры цяпер можна пазнаёміцца з работамі вядомага беларускага мастака Георгія Паплаўскага. Ён працаваў у розных тэхніках станкавага жывапісу і кніжнай графікі. Вядомасць яму прынеслі ў першую чаргу графічныя цыклы, сярод якіх і «Браслаўшчына – край азёрны» (1971 – 1998). Увогуле, у творчай спадчыне мастака шмат карцін, прысвечаных нашаму рэгіёну. Ён любіў тут адпачываць, сябраваў з калектывам музея. Дарэчы, уся экспазіцыя складаецца з работ, якія захоўваюцца ў музейных фондах. Ёсць і архіўныя фотаздымкі, кнігі. Таксама Г. Паплаўскі зрабіў графічныя работы для вялікай колькасці зборнікаў з творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча і іншых беларускіх пісьменнікаў.

Не менш цікава разглядваць карціны нашых землякоў. На гэты раз свае работы на агляд наведвальнікам прынеслі Чэслаў Жусель, Мікалай Стас, Юлія Шылай, Зоя Кальцова і Мілана Максімава. Усе работы разнапланавыя: ад бытавых сюжэтаў да пейзажаў. Экспазіцыя «Браслаўская палітра» атрымалася вельмі ўтульнай і яшчэ раз даказвае таленавітасць мясцовых мастакоў.

Выстаўкі будуць працаваць яшчэ некалькі тыдняў. Скарыстайцеся магчымасцю іх наведаць. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.