Да працоўных мігрантаў і іх сем’яў, якія прыязджаюць у Беларусь з-за мяжы, неабходна ставіцца, як да сваіх людзей. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.
У час наведвання ААТ «АграЛяскавічы» кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці хапае ў гаспадарцы работнікаў. Аказалася, што прыцягваюць і іншаземцаў – ужо працуюць некалькі чалавек з Туркменістана, і яны добра сябе зарэкамендавалі. Аляксандр Лукашэнка адобрыў такі падыход, але нагадаў, што адказнасць у пытанні прыцягнення працоўных мігрантаў з-за мяжы ляжыць на кіраўніках прадпрыемстваў і арганізацый. Яны самі павінны вырашаць, каго і колькі неабходна прыцягнуць. Прычым лепш, каб прыязджалі адразу сем’ямі, бо тады і адносіны да работы, адказнасць зусім іншыя, заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«Да іх трэба ставіцца, як да сваіх людзей. І дзетак вучыць, і лячыць людзей трэба. Правільна робіш. Па-беларуску: кінь наперад, потым знойдзеш. Таму трэба арыентавацца, асабліва на нашы рэспублікі (былога СССР. – Заўвага БЕЛТА). Гэта ж нашы людзі», – заявіў Прэзідэнт.
Аднаго з туркменскіх работнікаў, з кім удалося пагутарыць журналістам, завуць Вепа Дурдыеў. Ён ужо тры месяцы працуе ў гаспадарцы памочнікам цялятніцы. Мужчына расказаў, што прыехаў з Туркменістана з сябрамі і плануе працаваць далей. «Работа тут добрая. Начальства, калегі добра адносяцца. Кватэру далі, усім забяспечаны», – падзяліўся ён. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.