У чарговым выпуску сумеснага з Браслаўскім раённым аб’яднаннем музеяў праекта «Браслаўшчына скрозь стагоддзі», прысвечаным юбілею горада, мы раскажам пра знаходкі часоў Полацкага княства.
У канцы Х – пачатку ХІ стст. наш край становіцца паўночна-заходняй пагранічнай зямлёй Полацкага княства. Вядомыя чатыры гарадзішчы ўзгаданага перыяду – Браслаў, Маскавічы, Дрысвяты і Рацюнкі. Адначасовае ўзвядзенне гэтых умацаванняў сведчыць пра дзяржаўныя планы, што былі накіраваны на абарону паўночна-заходняга рубяжа Полаччыны. Падзеі, якія тут адбываліся, не адлюстраваны ў агульнастаражытных летапісах, некаторую ж інфармацыю даюць толькі раскопкі.
У прыватнасці, даследаванні маскавіцкага паселішча паказалі, што ўмацаванне было ўзведзена ў ХІ ст. і выконвала ролю адміністрацыйнага, гандлёвага і рэлігійнага цэнтра. Раскопкі дазволілі ўстанавіць, што асновай гаспадаркі было земляробства і жывёлагадоўля, развіваліся рамёствы. Знойдзена і шмат прывазных рэчаў, што сведчыць пра гандлёвыя сувязі.
Атрыманы падчас археалагічных даследаванняў на востраве Замак воз. Дрысвяты матэрыял дазваляе рэканструяваць жыццё насельніцтва гэтага паселішча. Так, з пачатку ХІ ст. з усходняга боку ўмацавання развіваўся рамесна-гандлёвы пасад. Сярод жыхароў было распаўсюджана металургічнае, кавальскае, ганчарнае, ювелірнае рамёствы, ткацтва. Наяўнасць пасада і ўмацаванага дзядзінца лічыцца класічнай формай горада ранняга феадалізму.
Культурныя напластаванні ХІ – ХІІІ стст. на Замкавай гары ўтрымліваюць разнастайны археалагічны матэрыял, які сведчыць, што Браслаў у гэты перыяд з’яўляўся населеным пунктам гарадскога тыпу і адным з эканамічных, адміністрацыйных цэнтраў Полацкага княства з даволі развітай гаспадаркай і меў цесныя сувязі з Полацкам і іншымі гарадамі Русі, Прыбалтыкі і Скандынавіі.
У гісторыка-краязнаўчым музеі ў асобнай вітрыне знаходзяцца рэчы, знойдзеныя пры раскопках на гарадзішчы Маскавічы археолагам Людмілай Дучыц. Прадстаўлены жаночыя ўпрыгажэнні, сярод якіх вельмі рэдкая для Беларусі падвеска-конік – сімвал жыцця і ўрадлівасці, характэрны для наўгародскай зямлі. Таксама тут можна ўбачыць рэшткі костак жывёл з надрапанымі на іх рунічнымі (скандынаўскімі) надпісамі і малюнкамі – унікальныя рэчы, нідзе больш не знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі. Усё выканана контурнымі лініямі: выявы чалавека з мячом, шчытом, у кальчузе і шлеме. Усе знаходкі адлюстроўваюць мясцовыя падзеі. ■
Падрыхтавала Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.