XXXII Дзень беларускага пісьменства адбудзецца 6 і 7 верасня ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці

Новости
Чарговы, XXXII Дзень беларускага пісьменства адбудзецца 6 і 7 верасня ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці. Свята ўжо больш як 30 гадоў аб’ядноўвае аматараў літаратуры, гісторыі і культуры нашай краіны і займае ганаровае месца сярод найважнейшых падзей у яе грамадскім жыцці.

Сёлета мерапрыемства прысвечана некалькім значным датам: 80-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне; 500-годдзю з моманту выдання на беларускай зямлі першай кнігі – славутага «Апостала» Францішка Скарыны, юбілеям выдатных дзеячаў беларускай літаратуры, а таксама рэспубліканскаму Году добраўпарадкавання.

Мясцовых жыхароў і гасцей XXXII Дня беларускага пісьменства чакае насычаная праграма культурных мерапрыемстваў. Будуць дзейнічаць інтэрактыўныя зоны ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза жанчын, бібліятэк Гродзенскай вобласці, рэгіянальных СМІ. Акрамя таго, увазе наведвальнікаў прапануюць спартыўныя пляцоўкі, зоны для дзяцей і моладзі, пункты грамадскага харчавання. У ходзе рэкламна-інфармацыйнага тура ўдзельнікі мерапрыемства змогуць даведацца пра турыстычныя магчымасці Ліды і Лідскага раёна, агледзець мясцовыя славутасці. Асноўныя падзеі – афіцыйнае адкрыццё свята, узнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і «Лідскія чытанні» – адбудуцца 6 верасня. У рамках Дня беларускага пісьменства Мінінфарм традыцыйна арганізуе Фестываль кнігі і прэсы, дзе можна будзе пазнаёміцца з навінкамі выдавецкага рынку.

Свята стане не толькі данінай павагі да гісторыі пісьменства, але і выдатнай магчымасцю далучыцца да атмасферы беларускай культуры.


Дзень беларускага пісьменства традыцыйна адзначаецца ў рэспубліцы ў першую нядзелю верасня з 1994 года. Цэнтрам свята кожны год выбіраецца пэўны горад. Упершыню ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў старажытным Полацку. Затым сталіцамі свята станавіліся такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок, Івацэвічы. Сёлета XXXII Дзень беларускага пісьменства прымае горад Ліда. ■


Падрыхтавала Жанна БЯЛЬКО. Фота БелТА