Лукашэнка пра турызм у Беларусі: «Наспела неабходнасць кардынальных змяненняў форм і метадаў работы па развіцці турызму»

Новости
Функцыі рэгулятара ў турыстычнай сферы краіны прапануецца перадаць ад Міністэрства спорту і турызму Нацыянальнаму агенцтву па турызме. Гэта пытанне стала адной з тэм нарады Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

Беларускі лідар удакладніў, што перашкаджае дзеючаму рэгулятару эфектыўна кіраваць галіной і што зменіцца з прыняццем указа, які пакуль яшчэ не падпісаны.

«Які практычны механізм рэалізацыі заяўленых мэт: як, за кошт чаго айчынны турызм атрымае новы імпульс для развіцця?» – спытаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў: на наступную пяцігодку ўраду пастаўлена задача зрабіць турызм нацыянальным праектам, максімальна рэалізаваць яго эканамічны патэнцыял. Каб павялічыць прыток турыстаў, спатрэбіцца павышэнне якасці паслуг і дадатковае развіццё інфраструктуры індустрыі гасціннасці.

«Груба скажу: калі ў гасцініцах па сценках і пад ложкамі будуць поўзаць тараканы, то ніякія турысты сюды не паедуць. Узровень патрэбны такі, каб і беларусы часцей выбіралі адпачынак на роднай зямлі. Я думаю, яны і выбіраюць», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, заўважыў ён, беларусы нярэдка адпачываюць за мяжой, але гаворка пераважна ідзе пра тыя краіны, дзе ёсць выхад да мора, а клімат больш гарачы.

Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў шэраг іншых пытанняў, якія даюць больш поўнае разуменне планаў развіцця айчыннай турыстычнай галіны.

«Нельга забываць пра важнейшы складнік – кадравае пытанне. Хто будзе рэалізоўваць вашы планы і праграмы? Як будзе выбудавана ўзаемадзеянне з рэгіёнамі? Якая пазіцыя губернатараў па пытанні гэтай рэарганізацыі?» – спытаў Прэзідэнт.

Разам з тым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, размова не ідзе пра рэформу дзеля рэформы. Стварэнне новай кіраўніцкай структуры ў сферы турызму не можа абмежавацца перайменаваннем і змяненнем падпарадкавання.

«Наспела неабходнасць кардынальных змяненняў форм і метадаў работы па развіцці турызму як унутры краіны, так і на знешніх рынках», – канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.