«Браслаўшчына скрозь стагоддзі». Расказваем пра знаходкі ў раёне эпохі бронзавага і жалезнага вякоў

Новости
У чарговым выпуску сумеснага з раённым аб’яднаннем музеяў праекце «Браслаўшчына скрозь стагоддзі», прысвечаным юбілею горада, мы раскажам пра знаходкі часоў эпохі бронзавага і жалезнага вякоў.

Як паведаміла навуковы супрацоўнік Дар’я Васільева, на мяжы 3 – 2 тысячагоддзяў да н. э. пачаўся бронзавы век, адной з характэрных рыс якога з’яўляецца больш якасная апрацоўка каменных вырабаў і шырокае ўжыванне свідравання. Пра гэта сведчаць клінападобныя і свідраваныя сякеры, матыка. У жалезным веку на Браслаўшчыне жылі 1 – 1,5 тысячы чалавек. Вядома каля 20 гарадзішчаў таго перыяду. Помнікі жалезнага веку ў краі адносяцца да дзвюх балцкіх культур: днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі.


У апошняй чвэрці І тысячагоддзя нашай эры пачалося пранікненне на Браслаўшчыну славян. У славянскай каланізацыі мясцовых зямель удзельнічалі крывічы-палачане, а магчыма, і радзімічы. Найбольш вядомыя курганныя могільнікі знаходзяцца каля возера Укля, у наваколлі вёсак Опса, Богіна, Вусце, Бяльмонты, ва ўрочышчы Рацкі Бор. Датуюцца курганныя могільнікі ў асноўным VII – XII ст. нашай эры. Для самых старажытных з іх характэрны абрад трупаспалення. У экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея маюцца знойдзеныя ў ходзе археалагічных раскопак рэшткі бронзавых упрыгажэнняў, рытуальныя гаршчэчкі з курганнага могільніка Бяльмонты і інш.


У курганах з абрадам трупапалажэння рэчавыя знаходкі, як правіла, значна багацейшыя. Вялікую каштоўнасць мае комплекс жаночых упрыгажэнняў, адшуканы на могільніку каля возера Укля. Ён рэдкі па сваёй паўнаце і ўключае галаўное спіралепадобнае ўпрыгажэнне, шыйную грыўню, падвеску з бразготкамі, дзве пары бранзалетаў, шкляныя пацеркі з бронзавымі бразготкамі, паясны ножык. У кургане быў таксама знойдзены рытуальны гаршчочак, у які звычайна клалі ежу. ■


Фота Алены НАБЕЕВАЙ.