Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць азнаёміўся са станам спраў на агракамбінаце «Зара»

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць азнаёміўся са станам спраў на агракамбінаце «Зара».

Размова ў першую чаргу зайшла пра фінансава-гаспадарчую дзейнасць гаспадаркі. Камітэт дзяржкантролю перад прыездам кіраўніка дзяржавы выявіў некаторыя праблемныя пытанні ў захоўванні кармоў. На гэта Аляксандр Лукашэнка асобна звярнуў увагу гендырэктара агракамбіната Кацярыны Зароўскай.

У цэлым жа справы ў гаспадарцы ідуць нядрэнна. Прыбытак накіроўваецца на развіццё вытворчасці, абнаўленне тэхнікі. Сярэдняя рэнтабельнасць па гаспадарцы – 6,6 працэнта, а ў перапрацоўцы – амаль 12-13 працэнтаў. Даволі паспяхова працуе «Зара» і па вырошчванні розных культур, пра што адбылася грунтоўная размова з кіраўніком дзяржавы.

Напрыклад, ураджайнасць азімага ячменю, які агледзеў Прэзідэнт, перасягае 60 ц/га. На гэту сельгаскультуру Аляксандр Лукашэнка апошнія некалькі гадоў звяртае асаблівую ўвагу. У многім з-за таго, што азімы ячмень убіраюць раней за іншыя збожжавыя. Гэта дае магчымасць аператыўна атрымаць кармы для жывёлагадоўлі і больш раўнамерна задзейнічаць тэхніку перад масавай уборкай. Хоць культура і капрызная, але пры выкананні тэхналогій можна разлічваць на добры вынік. І гэта практыка сябе апраўдвае, пра што сведчыць і вопыт агракамбіната «Зара».

У гаспадарцы ёсць і два буйныя малочнатаварныя комплексы, працуюць таксама ў сферы птушка- і свінагадоўлі, ёсць сетка сваіх гандлёвых аб’ектаў. «Уласны мясакамбінат. Перапрацоўваем 100 працэнтаў таго, што вырабляем. І ўсё праз фірменную гандлёвую сетку ў Магілёве і Магілёўскай вобласці», – расказала Кацярына Зароўская.

Як запэўнілі кіраўніка дзяржавы, няма тут і праблемы з падзяжом жывёлы, якая ўласціва шэрагу гаспадарак у розных рэгіёнах краіны. Усё ў гэтым плане робіцца па тэхналогіі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такія гаспадаркі, якія эфектыўна працуюць, не маюць даўгоў перад дзяржавай і банкамі, трэба дадаткова падтрымліваць у рэалізацыі тых ці іншых праектаў. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.