Дзеля захавання жыцця і здароўя непаўналетніх і прадухілення няшчасных выпадкаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь праводзіць рэспубліканскую інфармацыйна-прапагандысцкую акцыю «Бяспечныя канікулы».
У ходзе першага этапа гэтай маштабнай ініцыятывы работнікі Браслаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі ўсе летнія аздараўленчыя лагеры – як кругласутачны ў Друі, так і дзённага знаходжання пры ўстановах адукацыі.
Падчас сустрэч з ратавальнікамі навучэнцы не толькі ўзгадалі правілы бяспекі праз прафілактычныя гутаркі, а і замацавалі іх на практыцы, у віктарынах ды гульнях. Таксама выхаванцы даведаліся ад супрацоўнікаў РАНС шмат карыснай інфармацыі, якая спатрэбіцца дзецям не толькі падчас канікулаў, але і ў паўсядзённым жыцці.
Пасля заканчэння першай змены ў лагерах многія хлопчыкі і дзяўчынкі бавяць час дома. Паважаныя бацькі, бяспека дзяцей – у вашых руках! Лепшы спосаб прадбачыць няшчасны выпадак з непаўналетнімі – не пакідаць іх без нагляду ні на хвіліну!
Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць адпачынку на вадзе. Трэба памятаць, што да 14 гадоў дзеці могуць наведваць вадаёмы толькі ў суправаджэнні дарослых, а купацца можна выключна ў спецыяльна абсталяваных месцах. ■
Вадзім САРОКІН, інспектар Браслаўскага РАНС.