Сёлета перад СВК «Маяк Браслаўскі» стаіць задача ўбраць першым укосам травы на плошчы 1 860 гектараў. Гэта другі паказчык у раёне пасля «Агравідзаў». І работа ў гэтыя дні ўжо ідзе поўным ходам. Напрыклад, і Сяргей Данілаў, і Віктар Вайтанец штодзень пры спрыяльных умовах надвор’я косяць па 30 – 35 гектараў.
Корманарыхтоўчая кампанія 2025 года ў СВК «Маяк Браслаўскі» мае на ўвазе закладку 12,6 тысячы тон сенажу, у тым ліку 2,9 тыс. т – у палімернай упакоўцы і 9,8 тысячы тон сіласу, назапашванне 300 тон сена. Лічбы дазволяць забяспечыць уласны статак дастатковым рацыёнам і закласці трывалы фундамент для будучага малака.
Цяпер «маякоўцы» актыўна рыхтуюць сянаж. Па стане на 20 чэрвеня ў траншэі гаспадаркі гэтага корму было закладзена звыш трох тысяч тон, ці каля 25 % ад плана.
Каб забяспечыць працэс, штодзень на палетках сельгаспрадпрыемства працуе шматлікая каманда спецыялістаў. Першае звяно ў вытворчым ланцугу – касілкі. Магутнымі «Беларусамі» з шыроказахватнымі 9-метровымі агрэгатамі кіруюць вопытныя механізатары Сяргей Данілаў і Віктар Вайтанец. На дваіх яны праходзяць па 60 – 70 га за змену.
Травастой у гэтым годзе, дарэчы, сфарміраваўся добры. Тым часам узяць багаты ўраджай няпроста: непагода і глебу перанасыціла, і траву месцамі літаральна паклала. Аднак цяжкасці гэтыя згладжваюцца пашыранымі магчымасцямі сучаснай тэхнікі, а таксама прафесіяналізмам і спрактыкаванасцю людзей.
Працуючы ў такім тэмпе, «Маяк» кожны дзень нарыхтоўвае па 300 – 600 тон сенажу.
Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.