З пачатку 2014 года ў раённай дзіцячай бібліятэцы пачала дзейнічаць мэтавая праграма па патрыятычным выхаванні для дзяцей і падлеткаў «Далёкай мужнасці вернасць захоўваючы…»
Адразу пасля школьных канікулаў для навучэнцаў 6 класа гімназіі і 5 класа СШ №1 прайшоў урок мужнасці з мультымедыйнай прэзентацыяй «Бессмяротны подзвіг крэпасці над Бугам». Бібліятэкар Вольга Мачуль расказала дзецям пра слаўную гісторыю Брэсцкай крэпасці з моманту яе пабудовы і да нашых дзён. Вучні даведаліся, як пачалася вайна 1941 года каля сцен вядомай крэпасці, якія цяжкія выпрабаванні выпалі на лёс яе мужных абаронцаў. Па заканчэнні гутаркі ўсе праглядзелі дакументальны фільм «Брэсцкая крэпасць».
У чытальнай зале бібліятэкі кожны жадаючы можа пазнаёміцца з матэрыяламі ілюстраванай выставы «Брэсцкая крэпасць: старонкі гісторыі», выставы новай энцыклапедычнай літаратуры на ваенную тэматыку «Беларусь: гісторыя перамогі» і выставы папак-дасье, прымеркаваных да 70-годдзя вызвалення Беларусі.
Таксама раённая дзіцячая бібліятэка запрашае дзяцей горада прыняць удзел у акцыі «Прачытаная кніга пра вайну — мой падарунак да Дня Перамогі», якая будзе дзейнічаць са студзеня па верасень бягучага года. З правіламі акцыі можна азнаёміцца ў бібліятэцы. Усіх удзельнікаў чакаюць прызы і прыемныя сюрпрызы.
Вольга Ляснеўская,
дырэктар ЦБС.