Лукашэнка прапанаваў бясплатна аддаваць ва ўласнасць работнікам арэнднае жыллё ў аддаленых раёнах

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў бясплатна аддаваць ва ўласнасць работнікам арэнднае жыллё ў аддаленых раёнах. Пра гэта ён заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, дзе ў тым ліку разглядалася пытанне арэнднага жылля.

«Можа, дом мэтазгодна маладому спецыялісту дзесьці ў мядзведжым куце, як у нас кажуць (хоць у Беларусі ўжо такіх няма), і падарыць. Дарма аддаць. Магчыма, у некага ёсць альтэрнатыўнае меркаванне, давайце абмяркуем. Я думаю, мы можам гэта абмеркаваць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Выступаючы з дакладам, прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын падтрымаў прапанову Прэзідэнта. У якасці аднаго з пытанняў у частцы арэнднага жылля абмяркоўвалася прапанова прадаставіць жыхарам сельскіх населеных пунктаў права выкупу арэнднага жылля, якое патрабуе капітальнага рамонту, пры ўмове далейшага правядзення рамонтных работ.

«Магчыма, наступным этапам трэба будзе разглядаць пытанне бязвыплатнай перадачы, каб у чалавека было жыллё і дзяржава не трацілася на рамонт гэтых дамоў. У нас цяпер па краіне невыкарыстоўваемага арэнднага жылля камунальнай формы ўласнасці каля 16 тыс. такіх дамоў і кватэр», – сказаў кіраўнік урада.

Спасылаючыся на свой вопыт работы старшынёй аблвыканкама, Аляксандр Турчын адзначыў, што такога жылля шмат у сельскай мясцовасці.

Прэм’ер-міністр далажыў, што на працягу 2-3 месяцаў плануецца завяршыць інвентарызацыю невыкарыстоўваемага арэнднага жылля ў цэлым па краіне. Гэта ж не толькі жыллё камунальнай формы ўласнасці, але і рэспубліканскай, ведамаснай прыналежнасці. Будуць сфарміраваны прапановы, што рабіць з гэтым усім – нешта знесці, недзе пабудаваць новы дом, штосьці прадаць або зрабіць рамонт. «А недзе, магчыма, і перадаць людзям бясплатна», – сказаў Аляксандр Турчын. ■

Паводле матэрылаў БелТА.