Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях гэта мужныя і смелыя людзі, якім амаль кожны дзень прыходзіцца рызыкаваць сваім жыццём, каб выратаваць чужое. Заўтра ў 15-ы раз яны будуць святкаваць сваё прафесійнае свята. Такая круглая дата − добрая нагода пагутарыць пра справы, падвесці вынікі дзейнасці за мінулы год і назваць лепшых па прафесіі. Пра гэта і размова з начальнікам Браслаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргеем Сачыўкам:
− Сяргей Мікалаевіч, што сёння з’яўляецца галоўным прыярытэтам у вашай рабоце?
− Вось ужо на працягу 15-ці гадоў мы нязменна папярэджваем і ліквідуем надзвычайныя выпадкі прыроднага і тэхнагеннага характару, вядзём нагляд і кантроль для абароны насельніцтва і тэрыторыі ад усялякай непрадугледжанай бяды. Самае галоўнае для нас – уменне кіраваць сіламі, сродкамі, імгненна аналізаваць характар здарэння. Бо па сутнасці ад гэтага залежыць вынік дзеянняў, а часам і выратаванне чалавечага жыцця.
Да таго ж мы вядзём значную прафілактычную работу, пра якую хацелася б сказаць асобна. Пад асабісты кантроль супрацоўнікаў аддзела ўзяты праверкі жылога сектара ў населеных пунктах, асабліва домаўладанні небяспечных катэгорый грамадзян. Актыўна дапамагаюць нам у гэтым мясцовыя органы ўлады, назіральныя камісіі, іншыя службы. У выніку папераджальных сумесных дзеянняў у другім паўгоддзі здарыўся толькі адзін смяротны зыход, у той час як у першым – 10.
− Вы крыху закранулі вынікі дзейнасці РАНС за мінулы год. Якімі ж яны былі ўвогуле?
− У цэлым пастаўленыя задачы мы выканалі. Выратавальнікі 41 раз тушылі пажары, гэта на 9 больш, чым у 2012 годзе. Выратаваны з пажару 4 грамадзяніны, дэблакіраваны пры ДТЗ яшчэ 2. У многіх выпадках толькі правільныя дзеянні выратавальнікаў дазволілі прадухіліць сур’ёзныя няшчасці. Як гэта было з браслаўчанінам, што пакінуў на ўключанай кухоннай пліце каструлю з ежай. На платных паслугах мы зарабілі 182 млн. рублёў. За гэтыя сродкі шмат зроблена па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы падраздзяленняў, паляпшэнні ўмоў працы нашых супрацоўнікаў. Увогуле ж у нас ёсць уся неабходная тэхніка, якая перыядычна абнаўляецца, для спынення пажару, выратавання пры ДТЗ, на вадзе, ліквідацыі іншых надзвычайных сітуацый. І, безумоўна, добра падрыхтаваны асабовы склад.
− А які ён, сучасны выратавальнік службы МНС?
− Бясстрашны і мужны чалавек, які не адступае ў любой сітуацыі. Няма нічога дзіўнага, што да тых, хто працуе ў нашай службе, існуюць вельмі высокія патрабаванні. У першую чаргу гэта прафесіяналізм і смеласць, узаемадапамога, дабрыня і спагада да чужой бяды, маральная і фізічная падрыхтаванасць. Калі ўсё гэта ёсць, астатняму можна навучыцца. Сёння Браслаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацых – гэта 6 падраздзяленняў, дзе працуюць 74 сапраўдныя прафесіяналы, якія самымі першымі з’яўляюцца там, дзе здараецца бяда, ратуюць людзей, пабудовы. У нашым калектыве ўдала спалучаюцца ў адно цэлае багаты вопыт і маладая энергія.
− Калі ў раёне ўсё спакойна, чым яшчэ займаюцца вашы супрацоўнікі?
− Спакой для нас – з’ява адносная. Мы на варце бяспекі 24 гадзіны ў суткі. Вось самі бачыце, толькі было спакойна, і раптоўна выклік (ад аўтара: пакуль гутарылі з Сяргеем Мікалаевічам, на пульт дыспетчарскай паступіла паведамленне пра ДТЗ, у якім патрэбна была дапамога выратавальнікаў). Увогуле ж мы пастаянна павышаем свой прафесійны ўзровень, трэніруемся, адпрацоўваем нарматывы па пажарным спорце. У мінулым годзе нашы супрацоўнікі Сяргей Максімовіч і Віталь Вайткевіч занялі 2 месца ў прафесійных абласных спаборніцтвах. Актыўна працуем па прафарыентацыі: тры курсанты вучацца па накіраванні і вернуцца да нас на працу, у гэтым годзе падабралі яшчэ дзве кандыдатуры на паступленне. Шмат прафілактычных мерапрыемстваў праводзім са школьнікамі. У гэтым накірунку нам актыўна дапамагае раённая пярвічка беларускага ГА “Выратавальнік”, у якую ўваходзяць 17 нашых былых работнікаў, якія зараз на заслужаным адпачынку.
– Каго кіраўніцтва адзначыць у дзень прафесійнага свята?
– Усіх, хто праявіў сябе на працягу года. Лепшыя работнікі не раз узнагароджваліся за рашучасць і самаадданасць пры тушэнні пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Асабліва адзначу начальніка паста Аляксея Бузо, начальніка змены Івана Белуся, камандзіра аддзялення Сяргея Лябіка, пажарнага Антона Паўловіча, вадзіцеля Сяргея Максімовіча. А сярод падраздзяленняў лепшым па выніках года стаў пажарны аварыйна-выратавальны пост №11 у агр. Ахрэмаўцы (на фота яго супрацоўнікі). Карыстаючыся момантам, віншую калег з прафесійным святам, жадаю ім бадзёрасці, здароўя. Няхай у вашых сем’ях будзе поспех, шчасце і дабрабыт.
Гутарыла Таццяна Пятушка.