Лукашэнка: «Наша з вамі гістарычная місія – зрабіць працэс беларуска-расійскай інтэграцыі неабарачальным»

Новости

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць гістарычнай місіяй зрабіць працэс інтэграцыі Беларусі і Расіі неабарачальным. Пра гэта ён заявіў 14 сакавіка ў сваім выступленні ў Савеце Федэрацыі ў ходзе афіцыйнага візіту ў Расію.


«Наша з вамі гістарычная місія – зрабіць працэс беларуска-расійскай інтэграцыі неабарачальным. Мы гэты шлях пройдзем дастойна», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


У развіццё тэмы Прэзідэнт выказаўся наконт некаторай шуміхі, узнятай у сувязі з назначэннем у Беларусі новага складу ўрада. «Навошта ўзнімаць гэту буру? Прыйшоў новы прэм’ер, міністры талковыя. Выключна новае пакаленне – я гэта абяцаў, – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. – Я абяцаў – я зрабіў». Ён нагадаў, што на працягу некалькіх гадоў вядзецца падрыхтоўка новага пакалення талковых упраўленцаў для работы ў дзяржаўнай сістэме. Для гэтага праведзена планамерная, сістэмная работа. Многіх перспектыўных спецыялістаў Прэзідэнт наўмысна накіроўваў на работу бліжэй да зямлі, да людзей, каб у дадатак да сваіх тэарэтычных ведаў эканомікі яны набіраліся практычнага вопыту на пасадах міністраў, губернатараў. Адзін з такіх прадстаўнікоў новай плеяды ўпраўленцаў – цяперашні прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. А ў цэлым увесь новы склад урада сфарміраваны з прадстаўнікоў новага пакалення.


«Гэта людзі, адданыя нашай палітыцы. Ведаюць, што такое Расія, наш агульны рынак – больш як палову (сваёй прадукцыі. – Заўвага БелТА) мы прадаём перш за ўсё ў Расію. А рынкі – гэта галоўнае», – ахарактарызаваў урад кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі аб’яўлена пяцігодка якасці, на працягу якой неабходна «дашліфаваць эканоміку». Праводзячы аналогію, Прэзідэнт дадаў: «Нам трэба дашліфаваць нашы адносіны (паміж Беларуссю і Расіяй у Саюзнай дзяржаве. – Заўвага БелТА). Трэба стварыць (зрабіць гэты саюз такім. – Заўвага БЕЛТА) так, каб беларусы, знаходзячыся на гэтым разломе (геапалітычным паміж Усходам і Захадам. – Заўвага БелТА), не глядзелі ў бок Захаду, налева-направа». ■

Паводле матэрыялаў БелТА.