Лукашенка пра ход выбарчай кампаніі: «Сёння не словы патрэбны. Сёння патрэбны справы»

Новости
Цяпер не да дэбатаў, патрэбны не словы, а справы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Мінскім гарадскім тэхнапарку, адказваючы на просьбу журналістаў пракаменціраваць ход выбарчай кампаніі.

«Калі шчыра, не сачу. Няма часу проста для гэтага. Дзесьці нават скарачацца даводзіцца. Ведаю, што ідуць дэбаты. Але ніводных дэбатаў я не бачыў. Цяпер не да дэбатаў. Ды і што дэбаты – каб людзі разабраліся. Разбірайцеся, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Сёння не словы патрэбны. Сёння патрэбны справы. І Беларусь ніколі не будзе Беларуссю 90-х гадоў, калі мяне маладога выбіралі Прэзідэнтам. Тады мы не маглі марыць пра такія «палацы» – пра вытворчасць і іншае. Тады трэба было выжываць. А цяпер трэба развівацца, змагацца. Таму не словы патрэбны, а справы».

Прэзідэнт яшчэ раз шчыра прызнаўся, што проста не паспявае і не можа сачыць за выбарчай кампаніяй. «І потым, нам што, шоу патрэбна? Не. Калі б мы цяпер разгарнулі гэта шоу на ўсю краіну і адзін у аднаго пачалі б страляць, ці то ў вуха, ці то ў галаву, «весела» было б… А што потым? Таму спакойна ідзём да выбараў», – сказаў ён.

Гаворачы пра маючае адбыцца галасаванне, Прэзідэнт заклікаў грамадзян прыйсці і аддаць свой голас, для чаго адведзена дастаткова часу. «Калі знойдзеце магчымасць і час, прыйдзіце прагаласуйце. Вызначцеся і прагаласуйце. Пяць кандыдатаў з рознымі пазіцыямі, розныя пункты гледжання», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Вы людзі вопытныя, разумныя. Думайце. Я ніколі не гаварыў пра выбары, не заклікаў вас да чаго-небудзь. Прыйдзіце прагаласуйце – цэлы тыдзень. Знойдзеце час – прагаласуйце. Ну не захочаце – мы ж вас на аркане цягнуць не будзем», – дадаў беларускі лідар. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.