Пакуль восень песціла нас цёплымі сонечнымі дзянькамі, аграрыі актывізавалі работы на палетках. Усе жадаюць паспець пасеяць азімыя, бо вопыт паказвае, што менавіта з іх складваецца аснова будучага ўраджаю.
На раніцу 26 верасня ў раёне азімымі збожжавымі культурамі было засеяна 3 617 га, што складае 50,2 % ад плана. Больш чым на 100 % выканалі план у падсобнай гаспадарцы «Урбаны» нацыянальнага парка.
У ААТ «Слабодка-агра» на вышэйназваную дату было пасеяна 409 га з 650 запланаваных. Выконваючы абавязкі дырэктара гаспадаркі Віталь Няміра расказаў, што асноўныя сілы сёння накіраваны на сяўбу азімых. На падрыхтоўцы глебы задзейнічаны Алег Дарожка, Андрэй Бурлакоў, Аляксандр Смулька, а засявае плошчы Юрый Вецер на МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6. Усе механізатары вопытныя, таму атрад працуе хутка і зладжана, яго час ад часу замаруджвае толькі паломка тэхнікі.
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства задаволены работнікамі: «З імі я не маю праблем, яны працуюць на зямлі ўжо па некалькі дзясяткаў гадоў і робяць гэта добра. Раніцай вызначаем планы на дзень, упэўнены, што работнікі не падвядуць. Разлічваю на іх і давяраю як самому сабе».
За дзень у гаспадарцы засяваюць каля 20 – 30 га. Ужо ў глебу паклалі насенне жыта, пшаніцы, проса, цяпер сеюць ячмень. ■
Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.