Сёлета кукуруза добра ўрадзіла. Больш за 640 га гэты культуры ўжо сабрана ў Браслаўскім раёне

Новости
Верасень – час уборкі кукурузы. Сёлета яна добра ўрадзіла і парадавала тых, хто зрабіў на яе стаўку. У раёне царыца палёў у гэтым годзе заняла 2 389 га плошчаў. На ўчарашні дзень разам гаспадаркі раёна ўбралі 640 га і выканалі план на 26,8 %. Сярэдняя ўраджайнасць культуры складае 240 ц/га. Пакуль найлепшы паказчык у «Агравідзах» – 288,7 ц/га.

На днях мы трапілі на ўборку кукурузы ў падсобную гаспадарку «Урбаны» Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры». Па вялікім полі ля вёскі Баруны ў хуткім тэмпе рухаўся КВК, якога амаль не было бачна з-за вышыні сцяблін гэтай культуры. Да яго адзін за адным пад’язджалі трактары, у якія загружалася зялёная маса. «Працэс наладжаны так, каб камбайн не спыняўся, – паясняе мне галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Урбановіч. – Калі траншэя блізка, як тут, то на адвозцы заняты 4 адзінкі тэхнікі, калі ж дастаткова далёка – 6».

Па словах С. Урбановіча, сёлета кукуруза добра ўрадзіла, і гэтаму спрыялі некалькі фактараў. Па-першае, кіраўніцтва гаспадаркі закупіла добры насенны матэрыял і сродкі для падкормкі. Па-другое, тут захавалі тэхналогію вырошчвання: своечасова пасеялі, добра падкармілі, унеслі гербіцыды. Спрыяла росту гэтай культуры і само надвор’е.

Ва «Урбанах» кукурузай было засеяна 150 га плошчаў, на раніцу ўчарашняга дня яе ўбралі са 115 га, што складае 76,7 % ад плана. Валавы збор зялёнай масы – 3 167 тон пры сярэдняй ураджайнасці 275,4 ц/га. Дарэчы, пакуль гэтая падсобная гаспадарка знаходзіцца ў раёне на другой пазіцыі па ўраджайнасці культуры.

Увогуле сёлета «Урбаны» назапасілі дастаткова многа кармоў. Усяго тут нарыхтавалі 232 тоны сена, 2 550 т – сенажу і пакуль 2 535 тон – сіласу. Такім чынам, атрымліваецца 1 670 тон, або 34 цэнтнеры на ўмоўную галаву жывёлы, – гэта паўтарагадавы запас кармоў. Але на гэтым тут не спыняюцца і працягваюць рыхтаваць сакавітую масу для жывёлы з кукурузнага сіласу. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.