Лукашэнка: «Сёння трэба надаць новы імпульс жыллёваму будаўніцтву ў вёсцы»

Новости

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе надаць імпульс жыллёваму будаўніцтву. Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы абазначыў 19 жніўня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў. «Як мы заўсёды гаворым, Беларусь – дзяржава для народа. Таму ўсе рашэнні павінны прымацца ў інтарэсах людзей. І адной з нашых прыярытэтных задач было і застаецца забеспячэнне грамадзян жыллём. Уласны дах над галавой важны для любога чалавека. Асабліва для маладой сям’і. Гэта яе ўпэўненасць у заўтрашнім дні», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне пастаянна ўдасканальваюцца падыходы да прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі пры паляпшэнні жыллёвых умоў, у першую чаргу ў сельскай мясцовасці. «Мы вельмі шмат гаварылі апошнім часам пра карэкціроўку нашай жыллёвай палітыкі. Мы гаварылі пра тое, што прыярытэтам у нас было і застаецца забеспячэнне жыллём шматдзетных сем’яў, ваеннаслужачых і гэтак далей. Таму на нашай сустрэчы пытанне нумар адзін – спрашчэнне працэдур будаўніцтва і крэдытавання жылля», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка раней даручаў ураду комплексна падысці да паляпшэння заканадаўства ў гэтай галіне. Ён канстатаваў, што статыстыка па ўводзе жылля другі год запар адмоўная. «У чым пытанне?» – спытаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у справаздачах аналітыкаў адна з першых прычын адтоку кадраў з невялікіх населеных пунктаў – адсутнасць магчымасці набыць уласнае жыллё або хаця б засяліцца ў арганізаванае камфортнае і добраўпарадкаванае арэнднае.

«Сёння трэба надаць новы імпульс жыллёваму будаўніцтву ў вёсцы, у тым ліку індывідуальных дамоў, будаўніцтву прадпрыемствамі арэнднага жылля для сваіх работнікаў. Урадам прапанаваны комплекс навацый: ад спрашчэння падключэння да інжынернай інфраструктуры індывідуальных дамоў да пашырэння фінансавай падтрымкі маладым сем’ям (да 31 года). Усе навацыі разгледжаны экспертным саветам, у тым ліку Савета Рэспублікі, у Камітэце дзяржкантролю, Адміністрацыі Прэзідэнта. Аднак, як мне вядома, агульнай згоды па дакументах не дасягнута», – заўважыў кіраўнік дзяржавы. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.