Браслаўчанка стала пераможніцай абласнога конкурсу «Год якасці ў прафсаюзнай рабоце»

Год качества
У рамках конкурсу «Год якасці ў прафсаюзнай рабоце», які праводзіць Віцебская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ЦБП № 205 ААТ «ААБ Беларусбанк» Вікторыя Юдаш (у цэнтры здымка) стала лепшай у вобласці па выніках другога квартала. Калегі ганарацца дасягненнем свайго прафсаюзнага лідара!

На днях Цэнтр банкаўскіх паслуг № 205 ААТ «ААБ Беларусбанк» узрушыла прыемная навіна: старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Вікторыя Юдаш стала лепшай у вобласці па выніках другога квартала ў рамках конкурсу «Год якасці ў прафсаюзнай рабоце», які праводзіць Віцебская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Сярод яго крытэрыяў – выкананне ўнутрыпрафсаюзнай дысцыпліны, выкарыстанне сучасных падыходаў да работы, папулярызацыя прафсаюзнай дзейнасці і інш.

Вікторыя ўзначальвае пярвічку ўжо шосты год. У красавіку ж яе абралі паўторна на новы тэрмін. «У нашай арганізацыі стапрацэнтнае прафсаюзнае членства. Быць яе лідарам – пачэсна і адказна. Трэба знаходзіць кампраміс з людзьмі, дагаворвацца пра мерапрыемствы, планаваць акцыі, размяркоўваць ды планаваць грашовыя сродкі», – разважае В. Юдаш.

Падмогу Вікторыі аказвае актыў пярвічкі. Разам з дырэктарам ЦБП Зояй Смірновай яны арганізоўваюць удзел калектыву ў разнастайных культурных і спартыўных мерапрыемствах раёна і галіновага прафсаюза. Ёсць і свае традыцыі. Напрыклад, да 1 верасня першакласнікам уручаюць набор канцылярыі і рукзак, да Дня пажылых людзей ушаноўваюць ветэранаў працы. Сёлета напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь наведалі работнікаў, дзяцінства якіх прыйшлося на часы Вялікай Айчыннай вайны. Любяць у калектыве і вандраваць: нядаўна з’ездзілі ў Гродна, вядуць падрыхтоўку яшчэ адной паездкі.

Вікторыю Юдаш прама на працоўным месцы павіншавала старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Святлана Парчэўская і пажадала не здаваць лідарскіх пазіцый і надалей. ■

Алена НАБЕЕВА.