Канстытуцыйнаму Суду неабходна займаць лідарскую пазіцыю ў пытаннях рэалізацыі палажэнняў Асноўнага Закона. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 ліпеня на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага Суда.
Кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы нагадаў, што размова ў такім фармаце праводзілася даволі даўно (больш як шэсць гадоў таму). Тады асноўнай тэмай была падрыхтоўка змяненняў у Канстытуцыю. Праведзена маштабная работа над новай рэдакцыяй Асноўнага Закона, уклад у якую ўнеслі і суддзі Канстытуцыйнага Суда.
«Пры распрацоўцы канстытуцыйных паправак мы ставілі задачу ўмацаваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, замацаваць адпаведную патрабаванням часу сістэму органаў дзяржаўнай улады і ўласцівыя нашаму народу традыцыйныя каштоўнасці», – адзначыў Прэзідэнт.
Наступныя падзеі, паводле яго слоў, пацвердзілі своечасовасць прынятых змяненняў. Але галоўнае, на што звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, – усе закладзеныя ў Канстытуцыі прынцыпы і нормы павінны працаваць на практыцы. На жаль, цяпер прынятыя нарматыўна-прававыя акты не заўсёды дзейнічаюць так. «Гэта вялікая наша бяда», – сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы неабходнасць выпраўляць сітуацыю. Гэта датычыцца і паўнамоцтваў Канстытуцыйнага Суда, якія значна пашыраны ў ходзе канстытуцыйнай рэформы, таксама з улікам прапаноў саміх суддзяў. «Усё, што вы хацелі і прасілі, мы прадугледзелі ў Канстытуцыі. Калі будуць яшчэ якія-небудзь прапановы, думаю, мы знойдзем, як іх вырашыць», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спытаў, як цяпер функцыянуе суд, ці выконвае задачы, якія стаяць перад ім, у поўным аб’ёме. «Лічу, што ў пытаннях рэалізацыі палажэнняў Асноўнага Закона Канстытуцыйнаму Суду неабходна займаць адкрыта, не баючыся, лідарскую пазіцыю, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Цяпер важна праяўляць ініцыятыўнасць, быць на вастрыі падзей, працаваць на апярэджанне. Словам, грамадства павінна бачыць Канстытуцыйны Суд у справе. Ад вашай актыўнасці залежыць дзейснасць абароны канстытуцыйнага правапарадку ў нашай краіне». ■
Паводле матэрыялаў БелТА.