На Браслаўшчыне з рабочым візітам пабывала першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Жанна Нарыцына. Яна наведала мясцовыя пярвічкі і сустрэлася з актывам моладзі раёна.
Лідар абласной маладзёжнай арганізацыі цэнтральнай кропкай візіту абрала Відзы. Гэта не дзіўна: на базе каледжа створана ППА, якая паспяхова функцыянуе, адпаведнае аб’яднанне ёсць і ў пагранічнікаў пагранзаставы «Відзы». Ж. Нарыцына паглядзела, чым жывуць відзаўскія пярвічкі, якія ў іх планы, абмеркавала сумесныя праекты.
Потым для актывістаў каледжа, членаў ваенна-патрыятычнага клуба «Сокал» і самадзейных артыстаў народнага тэатра Браслаўскага РЦК была праведзена экскурсія па заставе.
Пра сваю дзейнасць відзаўчане і браслаўчане расказалі Ж. Нарыцынай падчас адкрытага дыялогу «Моладзь – будучыня нашай краіны!». У сваю чаргу першы сакратар падзялілася ўражаннямі ад работы Усебеларускага народнага сходу, на якім яна прысутнічала ў якасці дэлегата. «Будзьце смелымі, ініцыятыўнымі. Наша арганізацыя дае шырокія магчымасці для рэалізацыі самых амбіцыёзных праектаў. Заяўляйце свае ідэі, удзельнічайце ў нашых акцыях і самі арганізуйце мерапрыемствы. Будзьце разам з БРСМ!», – заклікала яна суразмоўцаў.
Завяршылася сустрэча моладзі з Ж. Нарыцынай узнагароджаннем. Яна ўручыла граматы, падзякі і сувеніры за супрацоўніцтва і актыўны ўдзел у ініцыятывах БРСМ каменданту пагранкамендатуры «Опса» Максіму Бейцюку, членам ваенна-патрыятычнага клуба «Сокал» і народнаму тэатру РЦК. ■
Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.