З 4 па 9 чэрвеня ў выставачным цэнтры «Вялікі Камень», што пад Мінскам, праходзіць Беларускі аграпрамысловы тыдзень. У рамках маштабнага форуму працуе цэлы шэраг міжнародных спецыялізаваных выставак, наведаць якія могуць усе жадаючыя – уваход на экспазіцыі свабодны.
Нагадаем, аграрны форум штогод збірае не толькі беларускіх вытворцаў і перапрацоўшчыкаў прадукцыі АПК, а і іх замежных калег і партнёраў. Тут традыцыйна можна азнаёміцца з перадавымі напрамкамк ў развіцці расліна- і жывёлаводства, сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі, упакоўкі і захавання гатовых вырабаў.
Вялікай папулярнасцю кожны год карыстаецца экспазіцыя найбольш перспектыўнай сельгастэхнікі. Традыцыйна на пляцоўках выстаўкі дэманструецца каля 300 адзінак тэхнікі для ўсіх галін аграрнага сектара.
На тэматычных пляцоўках таксама шырока прадстаўлены сродкі аховы раслін, ветпрэпараты, галіновае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне.
Свае экспазіцыі прэзентуюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання нашай краіны, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук, Канцэрн «Белхарчпрам», буйныя профільныя прадпрыемствы, а таксама ўсе вобласці Беларусі і многія рэгіёны Расійскай Федэрацыі.
Дарэчы, сёлета ўдзел у Беларускім аграпрамысловым тыдні прымаюць каля 500 кампаній з Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Казахстана, Германіі, Кітая, Пакістана, Турцыі, В’етнама, Палесціны, Манголіі.
Акрамя таго, звыш 150 беларускіх вытворцаў прадстаўляюць шырокі спектр айчынных прадуктаў харчавання – мясныя і малочныя вырабы, кансервацыю, бакалею, хлебабулачныя вырабы, гародніну, садавіну і многае іншае. Як правіла, прадпрыемствы радуюць наведвальнікаў сваіх экспазіцый дэгустацыяй. Што спадабаецца асабліва, можна набыць у гандлёвым гарадку.
Арганізатары форуму сцвярджаюць, што ўсе, хто так ці інакш звязаны з сельскай гаспадаркай, або проста цікавіцца навінкамі харчовай прамысловасці, абавязкова знойдзе тут адказы на цікавячыя пытанні.
Падрыхтаваў Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.
