Многія браслаўчане ведаюць Міхаіла Смірнова толькі як дырэктара Відзаўскага каледжа, якому ён аддаў амаль 20 гадоў свайго жыцця, ствараючы камфортныя ўмовы для навучэнцаў і бездакорны імідж гэтай установы адукацыі. Але на самай справе ў жыцці М. Смірнова было шмат крутых паваротаў, дзякуючы якім наш зямляк неаднаразова дасягаў добрых вынікаў у тым, за што браўся, рэалізоўваўся сам і быў прыкладам для іншых. Прасочым яго шлях разам, гартаючы старонкі «Браслаўскай звязды».
ІНЖЫНЕР У ТРЭЦІМ ПАКАЛЕННІ
Дзяцінства Міхаіла Смірнова праходзіла ў вёсцы Бяльмонты. Ён рос рухавым, дапытлівым, разам з сябрамі шмат часу праводзіў ля дарослых мужчын: слесараў, зваршчыкаў, механізатараў. Хлопцаў тады вельмі вабіла да сябе тэхніка, сакрэты яе стварэння, дарослыя ж не былі супраць, наадварот, дапамагалі падлеткам разбірацца з механізмамі. Таму вольны ад вучобы час Міхаіл часта праводзіў у рамонтных майстэрнях.
Па яго словах, многім у сваім жыцці ён абавязаны бацьку. Той 24 гады кіраваў адным з наймацнейшых тады прадпрыемстваў раёна – «Сельгастэхнікай», быў чалавекам занятым, але паспяваў даваць трапныя парады і вучыць сыноў жыццёвым прамудрасцям.
– Мы рана сталі дарослымі, – кажа Міхаіл Уладзіміравіч. – Ніколі не сядзелі склаўшы рукі, ды і не памятаю, каб трацілі час упустую. Мы, вясковыя юнакі і дзяўчаты, стараліся быць карыснымі: дома дапамагалі па гаспадарцы, а дзесьці з 12 гадоў ужо працавалі ў калгасе. Памятаю, у 6 класе ездзіў ад торфабрыкетнага завода збіраць карчы, пазней быў рабочым на будоўлях, у 9 класе ўжо ўмеў кіраваць аўтамабілем і нядрэнна разбіраўся ў яго ўстройстве, самастойна рамантаваў. Мысліць жа як інжынер, напэўна, было ў яго генах, бо і дзед, і бацька спасцігалі гэтую навуку і былі асамі ў сваёй справе. Для сябе М. Смірноў таксама выбраў гэты шлях.
Хлопец думаў пра ваенную кар’еру і пасля школы паступіў у вышэйшае марское інжынернае вучылішча імя Леніна, але хутка зразумеў, што гэта не зусім тое, чаго ён чакаў. Вясковага юнака вабіла малая радзіма і дзяўчына, з якой сябравалі з 5 класа (дарэчы, пазней яна стала спадарожніцай яго жыцця). Міхаіл цвёрда вырашыў, што плыць па цячэнні і мірыцца з тым, што не прыносіць асалоды, – не ў яго характары. Таму неўзабаве вярнуўся на Браслаўшчыну і такім чынам самастойна павярнуў свой лёс у іншы бок, пра што ніколі не пашкадаваў. У жніўні 1979 года М. Смірноў паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і стаў членам калгаса «Маяк».
ЖЫЦЦЁ НАВУЧЫЛА СПРАЎЛЯЦЦА З ЛЮБОЙ РАБОТАЙ
Падчас вучобы ў інстытуце Міхаіл штогод праходзіў практыку ў «Сельгастэхніцы» і «Маяку», таму быў знаёмы з кіраўніцтвам, а яно прыглядалася да будучага маладога спецыяліста. Пасля вучобы – у 1984 годзе – новаспечанага інжынера назначылі загадчыкам машыннага двара. М. Смірноў адносіўся да працы сур’ёзна, аддаваў ёй шмат часу. Ён стаў укараняць новыя падыходы, сачыць, каб усе тэхналагічныя патрабаванні выконваліся бездакорна, любіў парадак ва ўсім і чакаў таго ж ад падначаленых.
Граматнага спецыяліста заўважылі і ў хуткім часе прапанавалі яму перайсці на пасаду галоўнага інжынера райпа, а праз год – у 1989-м – яго зноў паклікала сельская гаспадарка: Міхаіл Уладзіміравіч стаў намеснікам старшыні калгаса «Зорка». Менавіта ў гэты час ішло адраджэнне народных промыслаў і ў раёне трэба было адкрыць адпаведную майстэрню. Адказную справу даручылі творчаму і прадпрымальнаму Міхаілу Смірнову. Ён з асаблівым энтузіязмам сабраў майстроў і стварыў у Браславе цэх разьбы па дрэве.
– Мне было цікава паспрабаваць свае сілы ў зусім новай для мяне справе. Падабалася, што атрымліваецца і сабраць вакол сябе цікавых творчых людзей, і кіраваць няхай нават невялікім прадпрыемствам, – кажа наш герой. – Выраблялі прадукцыю і знаходзілі рынкі збыту.
Пасля М. Смірноў стаў намеснікам старшыні калгаса «Маяк» па народных промыслах – і такі цэх з’явіўся ў гэтай гаспадарцы. М. Смірноў з групай творчых людзей стваралі прыгожыя рэчы, якія прадавалі нават за мяжу (з таго часу ў Пагашчанскай бібліятэцы засталося драўлянае пано). Тады пра цэх пісала нават інфармацыйнае агенцтва БелТА і, вядома ж, мясцовая газета «Браслаўская звязда». Напрыклад, у нумары ад 13 сакавіка 1990 года ў публікацыі размешчаны здымак начальніка цэха народных промыслаў Міхаіла Смірнова, які дэманструе ўзоры мэблі, вырабленыя калгаснымі майстрамі.
…Каля года дзейнічае ў калгасе «Маяк» Браслаўскага раёна цэх дапаможных промыслаў. А зроблена яго невялікім калектывам ужо нямала: аформлены інтэр’еры будынкаў дзіцячага сада, бібліятэкі, медпункта, праўлення калгаса. Цяпер пералік работ, а разам з ім – і геаграфія абслугоўвання, значна расшыраюцца. Майстры заняліся вырабам мэблі для дзіцячага кафэ ў Браславе. Пачынаюць афармленне клуба воінаў-інтэрнацыяналістаў у райцэнтры. На дваццаць пяць тысяч рублёў вырабіць у гэтым годзе калектыў цэха дзіцячых ложкаў, сталоў, банкетак, карнізаў і сувеніраў з дрэва...
Пазней Міхаіл Смірноў зноў павярнуў свой лёс і заняўся інжынернай дзейнасцю ў тым жа «Маяку». З асаблівай цеплынёй ён успамінае гады, калі разам з Рамуальдам Шукялём, старшынёй гаспадаркі, па-новаму наладжвалі эканоміку. Адкрылі каўбасны цэх, пабудавалі фірменны магазін у Браславе і, самае галоўнае, запусцілі работу камбікормавага завода пры свінакомплексе. У многім гэта было зроблена дзякуючы інжынерным здольнасцям Міхаіла.
Сёння ён узгадвае, як рыхтаваў чарцяжы будучага механізма кормацэха (іх захоўвае да сённяшніх дзён), здабываў запчасткі, некаторыя вырабляў з дапамогай токараў і зваршчыкаў, разам з электрыкам рабіў электронны цэнтр упраўлення. На ўсё гэта ён паклаў 2 гады жыцця. Потым інжынер мадэрнізаваў некаторыя працэсы – і нерабочы завод ператварыў у высокавытворчы. Але самае галоўнае – дзякуючы яму адкрытыя ў «Маяку» вытворчасці дапамагалі паступова ўздымаць эканоміку гаспадаркі.
АД ЗВЫЧАЙНАГА ПТВ ДА КАЛЕДЖА З ІМЕМ
У 2004 годзе жыццё Міхаіла Смірнова зноў зрабіла круты паварот: ён стаў дырэктарам Відзаўскага сярэдняга прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча. Па ўспамінах нашага героя, тады ўстанова адукацыі была ў даволі складаным становішчы, але з цягам часу тут закіпела жыццё.
Дзякуючы сваёй энергіі, імкненню рабіць усё як след, прадпрымальнаму характару і мэтанакіраванасці М. Смірноў разам з рамонтам будынкаў, умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы паступова ажыццяўляў не толькі знешнія, а і ўнутраныя пераўтварэнні вучылішча: развіваў традыцыі, ствараў станоўчы імідж установы адукацыі.
Пра аднаўленне добрых традыцый і шматлікія заслугі вучылішча пісала «Браслаўская звязда» ў нумары ад 22 лістапада 2006 года:
…Нямала іншых слаўных спраў на рахунку навучэнцаў і майстроў вучылішча. Яны занялі першае месца на абласной выставе-продажы «Восеньскі карагод», на якой прадстаўлялі прадукцыю вучэбнай гаспадаркі і вучэбна-вытворчых майстэрань. Перамога дасталася ім і ў аглядзеконкурсе вучэбных гаспадарак сярод трынаццаці ПТВ вобласці…
Міхаіл Смірноў разам з надзейным калектывам мадэрнізаваў усе магчымыя рэсурсы навучальнай установы. Напрыклад, у 2007 годзе яны першыя ў сістэме адукацыі ў рэспубліцы, дзякуючы выйгранаму гранту, укаранілі геліятэрмальны падагрэў вады для інтэрната. Усталявалі невялічкі вятрак, у старым будынку КБА пасля рэканструкцыі адкрылі экалагічны цэнтр – цяпер тут размяшчаецца вялікая канферэнц-зала, інфармацыйна-адукацыйны цэнтр і метадычныя кабінеты. У 2012 годзе яшчэ адзін грант дазволіў мадэрнізаваць і падвоіць эфектыўнасць комплексу геліятэрмальнага падагрэву. У 2014 г. тут мадэрнізавалі ўласную кацельню і перавялі на работу на драўлянай біямасе.
Напрыклад, у артыкуле «Працягваюць і памнажаюць традыцыі» ў нумары ад 5 сакавіка 2014 года «Браслаўская звязда» пісала:
… Закладзеныя традыцыі не толькі дастойна памнажае цяперашні склад інжынерна-педагагічных работнікаў на чале з дырэктарам Міхаілам Смірновым – чалавекам новай фармацыі, які смела прымае рашэнні, прымяняе інавацыйныя падыходы ў рабоце, умее бачыць перспектыву… Пра тое, што ў каледжы склаўся дзеяздольны, ініцыятыўны творчы калектыў, сведчаць шматлікія ўзнагароды… Шмат і іншых пераўтварэнняў адбылося ў вучылішчы за апошніх амаль 20 год. Перш за ўсё яно набыло новы статус – каледжа. Для гэтага дырэктару і педагогам прыйшлося прыкласці максімум намаганняў. Сёння ва ўстанове ёсць падсобная гаспадарка плошчай каля 2 тысяч га, 30 будынкаў для навучання хлопцаў і дзяўчат, абслугоўвання каледжа, у тым ліку ўласнае кафэ…
«Браслаўская звязда» пісала 12 ліпеня 2017 года:
…Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Відзах адбылася доўгачаканая падзея – адкрыццё кафэ «Традыцыя 1803» Відзаўскага каледжа. Гэта стала сапраўдным падарункам не толькі для навучэнцаў, але і ўсіх відзаўчан, а таксама шматлікіх турыстаў і гасцей Браслаўшчыны…
…«Мы стрымалі сваё абяцанне, і побач са сталовай у нас з’явілася паўнацэннае кафэ плошчай 140 квадратаў на 47 пасадачных месц. Акрамя таго, практыку тут праходзяць нашы навучэнцы. Віншую вас з такой падзеяй. Усё гэта для нашых дзяцей і жыхароў. Таксама спадзяёмся, што кафэ будзе карыстацца попытам у турыстаў», – сказаў на цырымоніі адкрыцця Міхаіл Смірноў…
Сёння Відзаўскі дзяржаўны каледж вядзе падрыхтоўку навучэнцаў і перападрыхтоўку дарослага насельніцтва па 14 рабочых спецыяльнасцях і адной узроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі «тэхнік-механік» для аграрнай, лясной, сацыяльнай, будаўнічай сфер і грамадскага харчавання.
БЫЦЬ ДЭПУТАТАМ – ГЭТА КЛАПАЦІЦЦА ПРА ЗЕМЛЯКОЎ І МЕСЦА, ДЗЕ ЖЫВЕШ
Міхаіл Смірноў каля 20 гадоў з’яўляецца дэпутатам раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў, гэтая пасада заклікае яго быць яшчэ больш уважлівым, адказным і дальнабачным, хутка прымаць важныя рашэнні і ўмець знаходзіць выхады са складаных сітуацый, дамаўляцца і нават выступаць медыятарам між тымі, хто спрачаецца.
Перш за ўсё дэпутат імкнецца рабіць утульным і сучасным не толькі каледж, а і ўвесь гарадскі пасёлак. Міхаіл Смірноў кажа, што людзі бачылі станоўчыя пераўтварэнні каледжа, інтэрната і тэрыторый вакол, ім таксама хацелася, каб было прыгожа паўсюль. Таму дэпутат стараўся і цяпер імкнецца рабіць добрыя справы для ўсяго пасёлка:
– Пералічыць нашы праекты вось так у двух словах складана, бо кожны з іх – гэта карпатлівая праца многіх людзей на працягу дзесяцігоддзяў. Да прыкладу, калі мы падстрыгаем дрэвы, то абавязкова ва ўсіх Відзах. Людзі звяртаюцца па дапамогу пры апрацоўцы агародаў, нарыхтоўцы сена для жывёлы, і мы заўсёды ідзём ім насустрач. Творчая група майстроў каледжа зрабіла шмат малых архітэктурных форм, якія размясціліся не толькі ў нашым пасёлку, а і, напрыклад, у Браславе, іншых населеных пунктах. Пры навучальнай установе мы адкрылі сталярны цэх, у якім мясцовыя жыхары і прыезджыя набываюць прадукцыю. Купілі лесавоз і маніпулятар для дастаўкі драўніны, тым самым разгрузілі раённы бюджэт і дапамаглі відзаўчанам больш хутка і танна набываць дровы і драўляныя будматэрыялы. Таксама пры каледжы стварылі цэх па вырабе бетонных вырабаў, дзякуючы прадукцыі якога ў пасёлку паклалі новай тратуарнай пліткі каля 2 тысяч квадратных метраў.
«Браслаўская звязда» ад 13 ліпеня 2020 год, артыкул «Спорыцца работа ў Відзах»:
…Если же сейчас подводить некоторые итоги, то нельзя не обратить внимание на усилия колледжа, в настоящее время завершающего отделку фасада своего административно-спортивного комплекса, который, конечно же, вместе с общежитием напротив украсит центр городского поселка. На прошлой неделе учителя, мастера, технические работники профессионально-технического училища, студенты, которые пожелали оставить свой след в истории профобразования, укладывали вокруг офисного здания тротуарную плитку собственного производства. В целом в этом году планируется положить ее не менее полутора тысяч квадратных метров на площади 10 га, которая принадлежит колледжу в городе, и в других общественных местах…
На сённяшні дзень у Відзах працуе станцыя абезжалезвання вады, якая абслугоўваецца каледжам, як і частка водаправодных сетак. Дзякуючы намаганням М. Смірнова гарадскі пасёлак набыў сучаснае кафэ, дзе пякуць хлебабулачныя вырабы па даўняй мясцовай традыцыі. Толькі ў 2017 годзе каледжам было створана 17 новых рабочых месц за кошт пазабюджэтных сродкаў.
Увогуле Міхаіл Уладзіміравіч лічыць, што дапамагаць людзям і рабіць месца, дзе ты жывеш і працуеш, прыгожым, утульным і сучасным, – яго мэта як кіраўніка, дэпутата і проста чалавека. ■
Вольга ПАТАПОВІЧ.