На Браслаўшчыне завяршаецца пасяўная кампанія

Новости
Цёплыя майскія дні далі магчымасць мясцовым аграрыям своечасова завяршыць сяўбу збожжавых і зернебабовых культур. Большасць гаспадарак ужо рыхтуецца да наступнага, не менш важнага сезона корманарыхтоўкі.

Па інфармацыі райсельгасхарчу, вясной гэтага года на Браслаўшчыне зерневымі планавалася засеяць 6 850 га. Амаль усе гаспадаркі справіліся з заданнем і разам паклалі збожжа ў глебу на плошчы 6348 га, або 92,7 % ад плана. Таксама па прычыне значнага працэнта гібелі азімых вясной іх частку – а менавіта 308 га – прыйшлося перазасяваць.

Трэба адзначыць, што, напрыклад, маякоўцы з-за вялікіх страт у азімым кліне вырашылі значна павялічыць яравы і замест 1 750 га засеялі 2 000, чым спадзяюцца перакрыць тыя страты, што прынеслі неспрыяльныя ўмовы зімой і ў пачатку вясны.

Дарэчы, у гэтым годзе СВК «Маяк Браслаўскі» эксперыментуе з сяўбой грэчкі: гэтая культура ўжо заняла 60 га. Таксама больш за 100 га проса пасеялі ў ААТ «Слабодкаагра».

На 100 % справіліся мясцовыя аграрыі і з заданнем на кукурузу: ўсяго яна заняла 950 га ў 5 гаспадарках.

Што датычыцца рапсу, то яго насенне паклалі ў глебу на плошчы 1 490 га, што з улікам перасеву часткі азімага дапамагло нават перавыканаць заданне на 3,6 %.

Як тлумачыць намеснік начальніка аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу Наталля Іванова, не ўдалося поўнасцю закрыць план пасяўной кампаніі толькі па прычыне выхаду з агульнараённага кліна зямель КУСП «Відзаўскі», ліквідацыя якога ўжо пачалася.

Яшчэ да 25 мая працягнецца на палетках раёна сяўба аднагадовых культур. Таксама праводзіцца падсеў шматгадовых траў і перазалужэнне пашы. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ